"Крыўдна было: толькі закурыла" Пагаварылі з мінчанкай з тых самых фота з АМАПам
Яна і амапаўцы / forum.com.pl
“Здаецца, я закахаўся” — з такім подпісам па інтэрнэце разышліся здымкі дзяўчыны, якую вядуць пад рукі супрацоўнікі АМАП. Кадрамі з міліцыяй, здаецца, у Беларусі ўжо нікога не здзівіць, але выраз твару і цыгарэта ў руках гэтай мінчанкі ўмомант зрабілі фатаграфіі мемнымі.
Еўрарадыё звязалася з гераіняй віруснага фота, каб даведацца, хто яна, і пачуць гісторыю гэтага здымка.
Мінчанка Яна — байкерша, любіць падарожнічаць на матацыкле па Беларусі і да прэзідэнцкай кампаніі наогул не цікавілася палітыкай.
"Я раней была вельмі апалітычным чалавекам. Напэўна, як і ў многіх беларусаў была такая пазіцыя: хай яны робяць што заўгодна, мне спакойна, і ўсё добра. Але проста ў нейкі момант цярпенне ўжо скончылася. Вельмі страшна жыць у краіне, дзе на паперы адно, а на справе іншае. Дзе чалавек не можа абараніць сябе пры дапамозе Канстытуцыі... Гэта вельмі крыўдна, гэта вельмі балюча", — распавядае дзяўчына.
20 верасня нядзельны Марш справядлівасці ў Мінску не быў для дзяўчыны першай акцыяй пратэсту, але менавіта ў гэты вечар яна дэбютавала ў якасці затрыманай.
"Ішла ўжо дадому, пасля акцыі, на прыпынак. Ну і атрымліваецца, што трохі не дайшла. Я закурыла і перыферыйным зрокам убачыла, што ззаду двое амапаўцаў падлятаюць. Схапілі мяне пад рукі. Я не супраціўлялася. А сэнс мне супраціўляцца? Я ім адразу сказала: не трэба мяне цягнуць — я пайду сама. Але яны працягвалі мяне цягнуць. А я іду так паважна, таму што разумею, што гэта мая апошняя цыгарэта ў бліжэйшыя дні. Так крыўдна было: толькі-толькі закурыла".
Затрыманне адбылося каля 18:00 у раёне Акадэміі навук. Адтуль дзяўчыну на аўтазаку даставілі ў Савецкае РУУС. У дачыненні да Яны склалі два пратаколы: "Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў" (23.34) і "Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні" (23.4).
“Па пратаколе я нейкаму маёру Любімаву і вопратку рвала пры затрыманні, і ў аўтазак упіралася лезці. Па гэтым пратаколе здавалася, што я нейкая буйная вар'ятка. Ва ўсіх нас — а ў Савецкім РУУС было пяць дзяўчат — былі аднолькавыя пратаколы. І мы ўсе нібыта аказвалі супраціў гэтаму шматпакутнаму маёру Любімаву”.
Але мы ж памятаем фота Яны, зробленыя пры затрыманні, — дзе там непадпарадкаванне?
Дзяўчына правяла ноч у Жодзінскім СІЗА, таму што, як яна пачула ад супрацоўнікаў міліцыі, мінскі ізалятар у завулку Акрэсціна ўжо быў перапоўнены.
На наступны дзень адбыўся суд. Дзяўчыне на пасяджэнні ўдалося даказаць, што яна не супраціўлялася пры затрыманні, аднак яе прызналі вінаватай за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Вынік — штраф у памеры 135 рублёў ($52).
Пра тое, што яе фота сталі мемам, Яна даведалася ўвечары 21 верасня, калі вярнулася з Жодзіна ў Мінск.
"Валанцёры, якія дзяжураць каля Жодзіна, давезлі мяне дадому. Мне застаецца некалькі метраў да пад'езда, і тут ад сяброўкі прылятае паведамленне — гэтая фатаграфія. Я пасмяялася, а потым панеслася — як плаціну прарвала. І гэтыя фота з кожнага праса. Я не чакала такога абсалютна. Тады нават не ведала, што мяне хтосьці здымае. І такі рэзананс, і столькі слоў падтрымкі — гэта нешта неверагоднае".
Акцыі пратэсту 20 верасня ў Беларусі суправаджаліся брутальнымі затрыманнямі. Паводле звестак МУС, у гэты дзень былі затрыманыя 442 чалавекі, з іх 266 — у Мінску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі , падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.