Кулінковіч: У нас крытыкаў не шмат, а такіх, з кім можна пераспаць ― яшчэ менш
Еўрарадыё: Кажуць, каб пісаць добрыя песні рокер павінен быць галодным. А беларускі рокер, напэўна, яшчэ і забароненым. Як думаеш, праўда?
Аляксандр Кулінковіч: Гэта нейкі саўковы падыход. Калі мы галадаем, то хай будзе, што мы за нешта галадаем, за нейкую ідэю. Мастак не павінен быць галодным ― гэта поўная бязглуздзіца. Паглядзіце на заходніх мастакоў ці музыкаў: яны ўсе не забароненыя, не галодныя і нармальныя песні пішуць. Ды і наш выдатны музыкант Лявон Вольскі не выглядае галодным. І канцэртаў за мяжой мае паболей, чым некаторыя на Радзіме. Былі мы і забароненымі, і дазволенымі, але на якасць песень гэта не ўплывала.
Еўрарадыё: А на маральнае самаадчуванне як уплывала забарона?
Аляксандр Кулінковіч: Не ведаю, як у астатніх, але на самаадчуванне ў свеце, у музыцы, у тэкстах ― не ўплывала ніяк. Бо калі ты нешта робіш, то робіш гэта ў сваім маленькім свеце, які крыху ад усяго навакольнага абаронены. Песні пратэсту я ніколі не ўмеў пісаць, таму, быў я забаронены ці дазволены ― гэта ніяк не ўплывала на змест тэкстаў. Мы ж панкі, дуркаватасць ― наш стыль, і нейкая палітычная сітуацыя не моцна ўплывае на нас.
Еўрарадыё: Ты мне расказваеш пра сваю апалітычнасць, а на тэлефоне — Пагоня…
Аляксандр Кулінковіч: Бо Пагоня ― гэта мой герб, а бел-чырвона-белы ― мой сцяг. Гэта пазіцыя, але гэта не палітыка. На жаль, сапраўды, у нашай краіне так усё паставілі: размаўляеш ты на беларускай мове ― апазіцыянер, любіш бел-чырвона-белы і Пагоню ― апазіцыянер. Дурнота нейкая! У мяне ёсць пэўныя палітычныя погляды, але я паўтару фразу, якая была сказаная музыкантамі падчас візіту дзесяць гадоў таму да Праляскоўскага (да кіраўніка ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Алега Праляскоўскага лідары гуртоў “Крама”, “N.R.M.”, “Палац” і “Нейра Дзюбель” хадзілі 21 лістапада 2007 года, ― Еўрарадыё) ― мы не хочам граць пад сцягамі. Не ў тым сэнсе, што на маім канцэрце нельга даставаць сцяг. Я лічу, што граць пад любым сцягам ― гэта агучваць чыюсьці палітычную пазіцыю. Музыкі, якія граюць на мітынгах, адчуваюць сябе “шасцёркамі”. І потым з намі паступаюць як з “шасцёркамі”. Мой сцяг ― бел-чырвона-белы, мой герб ― Пагоня, але яны ў душы, і я маю пэўную палітычную пазіцыю, якую выкажу, калі палічу патрэбным, але граць пад гэтымі сцягамі я не хачу. Як і пад чырвона-зялёнымі. У нашай краіне немагчыма проста быць на чыімсьці баку ― абавязкова неабходна ненавідзець бок іншы. Гэта даводзіць мяне да шаленства. Як ты ставішся да тых музыкантаў, якія гралі на праўладных канцэртах ― як да “шасцёрак”? Але справа ў тым, што гэтак жа да іх ставіцца і сама ўлада. І да нас было такое ж стаўленне, калі мы гралі на акцыях апазіцыі. Таму я і не хачу граць пад нейкімі сцягамі.
Еўрарадыё: Скажы мне, апалітычны ты наш, чый Крым?
Аляксандр Кулінковіч: Украінскі, вядома! Ён быў украінскім і будзе ім. Праўда, здарыцца гэта праз даволі шмат часу, але так будзе.
Еўрарадыё: Ці хадзіў ты галасаваць на сёлетніх выбарах?
Аляксандр Кулінковіч: Я хадзіў паказаць сыну, што такое выбары. Яму не спадабалася. У яго ўяўленні выбары ― гэта нешта амерыканскае: з шарыкамі, смехам і вяселлем. А ўбачыў ён пахмурных дзядзек і цётак. Я не галасаваў, але напісаў, што хадзіў на выбары, і з-за гэтага на мяне вылілася шмат лайна: “Байкот не падтрымаў”. А мне так цікава было! Я “срачаў” не люблю, але люблю прыкалвацца з людзей. Асабліва з дурных.
Еўрарадыё: Але нядаўна ты няслаба пацапаўся ў Фэйсбуку з музычным журналістам Сяргеем Будкіным! З-за чаго? Увогуле, ты імпульсіўны чалавек?
Аляксандр Кулінковіч: Імпульсіўны! Я ад гэтага пакутую, змагаюся з гэтым. Прычым, я вельмі хутка адыходжу. А з Будкіным… Яго пакрыўдзілі, ён заклікаў да байкоту ― дзяцінства нейкае! Калі цябе пакрыўдзілі, ты павінен адказваць толькі за сябе, а не заклікаць іншых быць статкам і падтрымліваць цябе толькі таму, што ты, такі вялікі, сказаў нешта. А там было: “Мяне пакрыўдзілі ў “Рэпабліку” ― давайце ўсе яго байкатаваць!” А чаго я павінен яго байкатаваць?! Не так шмат клубаў у Мінску. Але найбольш мяне абурыў яго зварот да музыкаў, не граць там канцэрты. Мне адмяніць прызначаны у тым клубе канцэрт толькі таму, што Будкіна там пакрыўдзілі?
Еўрарадыё: Чуў выказванне, што такія выдатныя песні, якія піша Кулінковіч, можа напісаць толькі вар’ят…
Аляксандр Кулінковіч: А я і лічу сябе дзеўбанутым! Мае ўчынкі некаторыя, а тэксты ўвогуле адназначна ― там жа трызненне адно! Чалавек са здаровым розумам такога не напіша. У мяне пыталіся, як я напісаў тую ці іншую песню… Не памятаю! Сур’ёзна! У гэты час, відаць, адбываецца нейкі клін у мазгах. Рэпетуем песню з альбома “На Марс!”, і я думаю: “А калі я яе пісаў?!”. Я звычайна пішу на аркушы з тэкстам дату: такога студзеня 2015 года ― не памятаю! Жудасць нейкая! Збіраюся на рэпетыцыю, ужо апрануўся цалкам і раптам у галаве загучала “Маленькая песенька”. Кінуўся да камп’ютара, за пяць хвілін напісаў яе, раздрукаваў і пабег на рэпетыцыю. Па дарозе ў галаве адна думка: “Я напісаў выдатную песню, але што гэта за песня, я не памятаю!” А мінула ўсяго дваццаць хвілін. Не ведаю, як пішуць іншыя, але мне падаецца, што гэтак жа. Праўда, у мяне тэксты, па вялікім рахунку, гэта плынь свядомасці. Калі іх не слухаць, а прачытаць на паперцы ― трызненне і плынь свядомасці. Яны добрыя толькі ў якасці песень. Менавіта таму частку песень я пастаянна спяваю па паперцы. Радуе, што я ў гэтым не адзінокі, Ігар Варашкевіч таксама так робіць. Не, большасць песень я памятаю, але ёсць такія, што ну не даюцца мне, і ўжо дзесяць гадоў спяваю іх з паперкі.
Еўрарадыё: Пасля аднаго з вашых апошніх канцэртаў пачаліся размовы, што “Дзюбель” з-за сваркі музыкаў ледзь не разваліўся. Ведаю, гісторыю тую ты ўзгадваць не любіш, таму скажы, цяпер у калектыве якая атмасфера?
Аляксандр Кулінковіч: Усё нармальна было і ёсць. У калектыве шэсць чалавек, у кожнага свой характар і людзі рана ці позна зрываюцца. Бывала такое ў кожнага з нас. Я некалькі разоў проста на канцэрце выкідваў бубнача з-за яго барабанаў і праганяў. Але звычайна на наступны дзень гэтыя істэрыкі праходзяць і забываюцца. Тым не менш, мы сям’я. Мы пасталелі і сталі больш разумнымі. На рэпетыцыях больш не напіваемся. Я цяпер не магу сабе ўявіць, як гэта, напівацца на рэпетыцыі? А раней без гэтага ніводнай рэпетыцыі, і, думаю, так было ва ўсіх.
Еўрарадыё: Канцэрт, які пройдзе 28 лістапада ў “Рэпабліку”, ты арганізоўваеш сам. Няма каму даверыць?
Аляксандр Кулінковіч: Апошнім часам такія вялікія канцэрты я раблю сам: сам рызыкую і грашыма, і рэпутацыяй. Па-першае, мне гэта цікава. Да таго ж, я заўважыў, што незалежна ад таго, займаецца арганізацыяй іншы чалавек ці я ― усё адно мне даводзіцца рабіць вялікі кавалак працы. Але калі ўсё робіш сам, то ведаеш: каму я вінен, што вінен, колькі я атрымаю ці не атрымаю. Прынамсі, мне крыўдаваць няма на каго. А калі канцэрт праводзіць чужы чалавек, то звычайна ва ўсіх узнікаюць пытанні: “А ці не кінулі нас на грошы? А ці правільна палічылі квіткі?”. І пачынаюцца нейкія непаразуменні і незадаволенасць, хоць, здаецца, нас ніхто і не падманвае. Але гэта тычыцца толькі вялікіх канцэртаў.
Еўрарадыё: Чаго чакаць на канцэрце?
Аляксандр Кулінковіч: Выканаем больш за 30 песень, выбарка з розных альбомаў. І будзе адна песня, якую амаль ніхто не чуў: “Лёг і здох”. Акурат цяпер спецыяльна да канцэрта робім афігенныя майкі. Карацей, канцэрт, майкі, шэсць палымяных срак, суцэльнае вяселле і пазітыў — чакаем!
У нас крытыкаў не шмат, а такіх, з кім можна пераспаць ― яшчэ менш
Еўрарадыё: Вялікі канцэрт у “Рэпабліку”… Чаму нашы рокеры не здольныя сабраць сапраўды вялікі канцэрт у якой “Мінск-арэне”?
Аляксандр Кулінковіч: І я разважаў на гэтую тэму… Здавалася б, у нас шмат прыхільнікаў і, па ідэі, мы маглі б сабраць вялікую залу, але чамусьці людзі ў вялікую залу не прыходзяць! Цікавасць да рок-музыкі ў нашай краіне моцна знізілася. Яна ніяк не рэкламуецца, няма рок-перадач на тэлебачанні, амаль няма на радыё. Сітуацыя такая: здаецца, ворагаў вакол няма, але мы ўсё адно ў падполлі. Ну, і адвечная хвароба: няма прарокаў на сваёй Радзіме ― лепш будзем слухаць хрэнь, але замежную, чым выдатнае, але сваё.
Еўрарадыё: А калі скандаламі папіярыцца? Вось, даў бы ты Будкіну ў нос, пераспаў з якой музычнай журналісткай ― усе б пра гэта напісалі і людзі б думалі: “Схаджу на канцэрт, пагляджу, што гэта за Кулінковіч такі”.
Аляксандр Кулінковіч: Гэта не для нашай краіны, мы на скандалах не вучаныя. Можа, якая б расійская спявачка і прыцягнула б да сябе ўвагу беларусаў такім чынам, але не айчынныя рок-музыкі. Ды і не зрабіў бы я нічога такога з маральных меркаванняў: я не б’ю людзей і не сплю абы з кім. У лужынах я валяцца не люблю, ды і што гэта за скандал: Кулінковіч паваляўся ў лужыне? Тое ж магу сказаць і пра іншых сваіх калег: не бачу я Вольскага, які спіць з нейкім музычным крытыкам. У нас тых крытыкаў не шмат, а такіх, з кім можна пераспаць ― яшчэ менш. Мы, рок-музыканты, усе такія белыя, добрыя і пухнатыя.