Латушка прапанаваў аднавіць выдачу віз па праграме Poland.Business Harbour
Віза, ілюстрацыйнае фота
Аднавіць выдачу віз па праграме Poland.Business Harbour і павялічыць тэрмін дзеяння польскіх праязных дакументаў да трох гадоў — такія прапановы агучыў Павел Латушка. Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага кабінета выступіў на канферэнцыі "Міграцыя як палітычная, сацыяльная і эканамічная праблема" ў польскім Слесіне.
Палітык адзначыў, што летась у Польшчы дзейнічалі больш за 6 тысяч прадпрыемстваў, дзе адным з акцыянераў была беларуская кампанія ці грамадзянін Беларусі. 12 тысяч грамадзян Беларусі займаліся аднаасобнай гаспадарчай дзейнасцю. Сацыяльныя ўзносы ў Польшчы плацілі 122 тысячы грамадзян Беларусі. Больш за 12 тысяч студэнтаў з Беларусі вучыліся ў Польшчы.
"Большасць беларусаў, якія пакінулі дом, апынуліся менавіта ў Польшчы. Яны хочуць легальна працаваць, вучыцца, плаціць падаткі, развіваць сваю справу", — заявіў Латушка.
Ён прапанаваў наступныя напрамкі дапамогі беларускім уцекачам:
— аднавіць праграму Poland.Business Harbour;
— спрасціць легалізацыю дзяцей беларусаў, народжаных ці дасягнуўшых паўналецця ў Польшчы;
— магчымасць падаўжэння гуманітарных ВНЖ, выдадзеных у Польшчы, а таксама выдачы гуманітарных віз не толькі асобам, якія трапілі пад рэпрэсіі, але і іх сваякам; выдача гуманітарных віз беларусам у трэціх краінах;
— павялічыць тэрмін дзеяння польскіх праязных дакументаў да трох гадоў;
— магчымасць абароны ў трэціх краінах інтарэсаў асоб, якія атрымалі ў Польшчы міжнародную абарону;
— спрасціць працэдуру падачы заявы аб рэгістрацыі шлюбу;
— урэгуляваць праблемы пенсійнага забеспячэння;
— знізіць патрабаванні у падачы беларускімі студэнтамі дакументаў для паступлення і працягу навучання;
— міжнародная абарона для беларускіх студэнтаў на падставе звестак аб спробе прызыву ў войска або пагрозе прыцягнення да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад прызыву;
— непрадастаўленне дзяржорганамі і ВНУ Польшчы дакументаў, якія тычацца беларускіх студэнтаў, па запытах рэжыму (дзеля недапушчэння далейшых рэпрэсій);
— стварыць умовы для развіцця беларускага бізнесу ў Польшчы;
— выключыць дыскрымінацыю беларусаў у Польшчы пры ўсіх формах узаемадзеяння з прыватнымі арганізацыямі і дзяржавай, напрыклад, пры адкрыцці банкаўскіх рахункаў;
— скараціць тэрміны адміністрацыйных працэдур, звязаных з легалізацыяй, у першую чаргу ў Ніжнесілезскім ваяводстве і Вроцлаве.
Выдачу віз PBH польскія ўлады адмянілі 26 студзеня на фоне візавага скандалу. Апошнім часам у Польшчы працягваецца расследаванне, звязанае з выдачай віз па гэтай праграме.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.