Лукашэнка: Насельніцтва аплачвала 80% "камуналкі", а не 40%
Насельніцтва Беларусі кампенсавала не 40% жыллёва-камунальных паслуг, а 80%. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 23 лютага пасля ўскладання вянка да помніка на плошчы Перамогі.
Пасля ўрачыстай цырымоніі ён падыйшоў да расійскага пасля Аляксандра Сурыкава і распавёў аб праблемах у камунальнай гаспадарцы.
Лукашэнка: "Я даў заданне чыноўнікам падлічыць дакладна, сфатаграфаваць, як нас у савецкай школе вучылі, памятаеш? Па тэхналогіі прайсціся. Што апынулася? Што насельніцтва ў два разы больш плаціць грошай, не 40% пакрыцця аказалася, а 80% насельніцтва плаціць. Пры нашых-то тарыфах".
Па словах кіраўніка дзяржавы, камунгасы называюць тарыфы з разлікам на тое, што ім кампенсуюць выдаткі з бюджэту. "Чым больш напішуць, тым больш пракампенсуюць", — паведаміў Лукашэнка.
Ён заявіў, што камунальнікам паведамілі сапраўдныя тарыфы. Але яны, нібыта, пачалі хітраваць і мудраваць, каб атрымаць грошы з бюджэту.