Лукашэнка памілаваў некалькіх жанчын, асуджаных за пратэсты
Аляксандр Лукашэнка сваім указам памілаваў некалькі жанчын, асуджаных за пратэсты. Сёння іх вызвалілі з жаночай калоніі ў Гомелі.
Паведамляецца, што памілаванне прымеркаванае да свята 8 Сакавіка. Колькасць памілаваных не ўдакладняецца.
Праваабаронцы паведамляюць імёны дзвюх — гэта Анастасія Ярашэвіч і Наталля Турава.
20-гадовая жыхарка Ліды Анастасія Ярашэвіч асуджаная на 2 гады калоніі за "гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі" (арт. 364 КК). Яна перашкаджала міліцыянтам затрымліваць невядомага мужчыну. Паводле абвінавачання, дзяўчына сарвала пагоны ў двух міліцыянтаў, а аднаго яшчэ і стукнула ў галаву.
Брастаўчанка Наталля Турава асуджаная на 1 год і 1 месяц калоніі. Яе прызналі вінаватай у абразе прэзідэнта (арт. 368 КК) і знішчэнні дакументаў (арт. 377 КК). 27 траўня 2021 года міліцыянты прыехалі да жанчыны дадому. Там жанчына "публічна абразіла" Лукашэнку словамі "у нас гр*баное государство" и "гр*баный президент", а потым разарвала пратакол.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.