Лукашэнка пашырыў сваю Дырэктыву аб дэбюракратызацыі
Цяпер яна распаўсюджваецца не толькі на дзяржапарат, але і на ўсе структуры, якія ўзаемадзейнічаюць з грамадзянамі.
23 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №135. Гэты дакумент уносіць змены і дапаўненні ў Дырэктыву Лукашэнкі №2 ад 27 снежня 2006 года "Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату".
Ва указе прапануецца пашырыць працэс дэбюракратызацыі не толькі на дзяржапарат, але і на ўсе структуры, якія ўзаемадзейнічаюць з грамадзянамі, паведамляе БелаПАН.
Пасля зменаў Дырэктыва №2 падкрэслівае ўстаноўку на вырашэнне ўсіх праблем і цяжкасцяў насельніцтва найперш непасрэдна на месцах. Аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму даручана арганізаваць у кожным раёне (у тым ліку і платна) прадастаўленне насельніцтву розных запатрабаваных на практыцы паслуг — напрыклад, па арэндзе тэхнікі для сельскагаспадарчых і будаўнічых работ. Таксама выканкамам загадана зрабіць прыярытэтам належную працу арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі і іншых арганізацый, якія аказваюць паслугі насельніцтву.
Кіраўнікам выканкамаў і рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання прадпісана праводзіць кожную сераду з 8-й да 13-й асабісты прыём грамадзян. Кожную суботу з 9-й да 12-й яны павінны ладзіць прамыя тэлефонныя лініі, а не радзей за адзін раз у квартал — выязныя асабістыя прыёмы.
Фота — president.gov.by