Маці Юрыя Захаранкі дамагаецца закрыцця справы аб знікненні сына

Ульяна Захаранка накіравала скаргу генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку. Яна просіць спыніць справу аб знікненні яе сына Юрыя. Нагадаем, што экс-міністр унутраных спраў знік у траўні 1999 года. Акрамя таго, Ульяна Захаранка просіць абавязаць Следчы камітэт даць ёй магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, якія сабралі следчыя.

Прадстаўнік Ульяны Захаранкі праваабаронца Алег Воўчак у каментары Радыё "Свабода" патлумачыў, што яшчэ ў траўні скончыўся тэрмін даўнасці па прыцягванні да адказнасці па гэтай справе — 15 гадоў. Цяпер суд мае права прызнаць Юрыя Захаранку памерлым — гэтая справа завісла ў судзе 12 гадоў таму. Пасля гэтага сваякі змогуць забраць у спадчыну 4-пакаёвую кватэру ў Мінску, якая лічыцца за Юрыем Захаранкам, і ёй распараджацца. Акрамя таго, кажа Воўчак, маці Захаранкі атрымае законнае права азнаёміцца з матэрыяламі справы і даведацца, чым займаліся следчыя 15 гадоў.

Па словах праваабаронцы, спыненне справы аб выкраданні Захаранкі не азначае, што мусіць спыніцца і аператыўна-вышуковая справа. Яе абавязанае далей працягваць упраўленне сталічнай міліцыі, пакуль не высветліць месца знаходжання Юрыя Захаранкі.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі