Макрон не выключыў адпраўку ў будучыні саюзных войскаў ва Украіну
Эманюэль Макрон
У Парыжы на канферэнцыі па падтрымцы Украіны абмяркоўвалі магчымасць адпраўкі сухапутных войскаў заходніх краін у зону канфлікту. Аднак дасягнуць кансэнсусу пакуль не ўдалося. Аб гэтым заявіў пасля завяршэння канферэнцыі прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, перадае Суспільнае.
"Мы гэта абмеркавалі. Пакуль кансенсусу па адпраўцы войскаў няма. Але ў гэтым пытанні ў будучыні нічога не трэба выключаць. Мы зробім усё магчымае, каб Расія не змагла выйграць гэтую вайну", — заявіў Макрон.
Затое на гэтай сустрэчы саюзнікі дамовіліся стварыць кааліцыю для пастаўкі ва Украіну дальнабойных сродкаў паражэння. Размова ідзе аб ракетах сярэдняй і вялікай далёкасці, а таксама бомбах.
"Мы збіраемся арганізаваць гэту кааліцыю, пачынаючы з гэтага вечара, каб мабілізаваць усю добрую волю дзяржаў, якія маюць магутнасці, якія пачалі або гатовы паставіць новае абсталяванне", — расказаў французскі прэзідэнт. Яго словы прыводзіць Hromadske.
Макрон нагадаў, што саюзнікі Украіны стварылі ўжо восем кааліцый для дапамогі УСУ боепрыпасамі. Новая ініцыятыва стала дзевятай, яна мусіць забяспечыць удары ў глыбіню.
Раней у Елісейскім палацы паведамлялі, што Макрон арганізаваў гэтую сустрэчу ў Парыжы, каб "падаць сігнал аб мабілізацыі супраць Расіі". Да ўдзелу ў канферэнцыі быў запрошаны 21 замежны лідар. Гаварылася, што асноўная мэта сустрэчы — "прадэманстраваць нашу рашучасць зрабіць усё неабходнае, каб перамагчы Расію".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.