Мікалай Статкевіч ідзе на парламенцкія выбары
Былы палітвязень і экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч ідзе на выбары ў Палату прадстаўнікоў. У аўторак ён падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты. Як інфармуе БелаПАН, Статкевіч вылучаецца па 105-й Старавіленскай выбарчай акрузе ў сталіцы (ён збіраецца правесці вулічную акцыю ў элітным пасёлку Дразды, які ўваходзіць у гэтую акругу).
Ініцыятыўную групу палітыка ўзначаліў паэт Уладзімір Някляеў, у яе ўвайшлі вядомыя грамадскія дзеячы Зміцер Дашкевіч і Вячаслаў Сіўчык.
Мікалай Статкевіч заявіў, што не прызнае судзімасці за падзеі 19 снежня 2010 года на Плошчы, якая не дазваляе яму, згодна з заканадаўствам, быць зарэгістраваным у якасці кандыдата. Ён нагадаў, што ў 2008-м на парламенцкіх выбарах яго ініцыятыўную групу зарэгістравалі, нягледзячы на непагашаную судзімасць. Як вядома, кіраўніцтва Еўрасаюза неаднаразова заклікала ўлады Беларусі рэабілітаваць былых палітвязняў, каб яны мелі магчымасць удзельнічаць у выбарах. Аднак гэтага зроблена не было.
Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11 верасня.