Мінчука арыштавалі за "несанкцыянаванае пікетаванне" з дапамогай грашовых купюр
"Выказваў свае грамадска-палітычныя інтарэсы для прыцягнення ўвагі грамадскасці да іх" (ілюстрацыйнае фота)
Жыхара Мінска затрымалі і асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за "несанкцыянаванае пікетаванне". Высветлілася, што ён наносіў на грашовыя купюры "пратэсныя" надпісы, а пасля імі праз інфакіёск папаўняў свой рахунак. Грошы, на якіх быў намаляваны бел-чырвона-белы сцяг і "3%" (намёк на рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ў 2020-м), выявілі ў адным з аддзяленняў "Беларусбанка". Гэта былі купюры наміналам 5, 10, 20 і 50 рублёў. Мужчыну вылічылі па відэазапісах у канцы верасня. І калі ён прыйшоў у наступны раз, яго ўжо чакалі. Справу разглядаў суд Савецкага раёна Мінска, піша "Зеркало".
Суд прыйшоў да высновы, што мінчук "правёў масавае мерапрыемства — пікетаванне — без дазволу Мінгарвыканкама шляхам нанясення на грашовых купюрах... знака "3%" і бел-чырвона-белага сцяга для дэманстрацыі грамадзянам". Такім чынам ён "выказваў свае грамадска-палітычныя інтарэсы для прыцягнення ўвагі грамадскасці да іх".
Ніякіх доказаў, што менавіта затрыманы пісаў на грошах, у справе не пазначана, а экспертызы не праводзіліся. Але мужчына, які на той момант ужо знаходзіўся ў ізалятары, сказаў суддзі, што прызнае віну — сам рабіў надпісы шарыкавай ручкай, а ідэю падгледзеў у адным з тэлеграм-каналаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.