Мінскае "Дынама" упершыню ў гісторыі выйшла ў групавы этап Лігі Еўропы
У матчы ў адказ плэй-оф еўракубкавага турніру беларусы перамаглі партугальскі "Нас'яналь" 3:2 (5:2 па суме дзвюх сустрэч).
Першымі лік у матчы адкрылі партугальцы. Пенальці на 30-й хвіліне рэалізаваў Маціаш. Дынамаўцы ўжо праз 2 хвіліны аднавілі раўнавагу. З падачы капітана Ігара Стасевіча забіў Удоджы, а яшчэ праз 8 хвілін Слабадан Сімавіч вывеў беларусаў наперад (таксама з перадачы Стасевіча).
У другім тайме "Нас'яналь" здолеў зраўняць лік: на 53-й хвіліне вызначыўся Газаль. Але ўжо праз 10 хвілін Удоджы паставіў кропку у беларуска-партугальскім супрацьстаянні. Адзначым, што ўсе тры галы дынамаўцы забілі галавой.
Лёсаванне групавога этапу Лігі Еўропы адбудзеца 29 жніўня.