Муж і жонка, якія зладзілі "экстрэмізм" у перапісцы між сабой, асуджаны 6-ты раз
Муж і жонка Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева асуджаны ў чацвер шосты раз, паведамляюць праваабаронцы.
У гэты раз пратаколы на сям'ю Крупенічаў склалі за перасыл паведамленняў 18 чэрвеня адно аднаму, але з розных "экстрэмісцкіх" каналаў. На суддзе Анастасія распавяла, што не ведала аб тым, што гэты канал прызнаны "экстрэмісцкім" і што нельга такое дасылаць у прыватных паведамленнях мужу. Вынік — 13 сутак арышту.
Сяргей паабяццаў суддзі ніколі больш не чытаць тг-каналы, аднак таксама быў пакараны 13-сутачным арыштам.
Мінулыя "суткі" ў Крупенічаў сканчаюцца ў суботу, 25 верасня.
26-гадовых Анастасію і Сяргея першы раз затрымалі ў сярэдзіне ліпеня. З таго часу іх асудзілі агулам на 84 суткі кожнага за тое, што яны перасылалі ў прыватных паведамленнях адно аднаму інфармацыю з "экстрэмісцкіх" каналаў.
Пасля затрымання сям’і на адным з праўладных тг-каналаў з'явілася пакаяльнае відэа з Анастасіяй. Сцвярджалася, што яна як настаўніца адной з мінскіх гімназій даслала ў "экстрэмісцкі" канал асабістыя дадзеныя дзяцей супрацоўнікаў міліцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.