Беларусь пагоршыла пазіцыі ў рэйтынгу cвабоды ў інтэрнэце
За год Беларусь страціла ў рэйтынгу свабоды інтэрнэту тры балы, ілюстрацыйнае фота
Сітуацыя са свабодай у інтэрнэце ў Беларусі пагаршаецца. Пра гэта сведчаць вынікі рэйтынгу, які апублікавала арганізацыя Freedom House. Сёлета РБ атрымала ўсяго 22 балы са 100 магчымых. У 2023-м вынік быў трохі вышэйшы — 25 балаў. Беларусь па-ранейшаму знаходзіцца ў групе несвабодных краін — да гэтай групы адносяцца краіны з паказчыкам да 40 балаў. Пагаршэнне сітуацыі складальнікі рэйтынгу патлумачылі тым, што беларускі "ўрад узмацніў падаўленне анлайн-галасоў, блакаванне незалежных СМІ і крыніц інфармацыі". Акрамя таго, улады краіны выкарыстоўвалі заканадаўства "для крыміналізацыі анлайн-матэрыялаў, створаных тымі, каго яны лічылі "экстрэмісцкімі" або "тэрарыстычнымі" групамі і асобамі", гаворыцца ў дакладзе. Працягваліся арышты журналістаў і анлайн-актывістаў. Пры гэтым у дакладзе адзначаецца, што ахоп жыхароў Беларусі паслугамі доступу ў інтэрнэт застаецца вялікім, а сам інтэрнэт — недарагім. Хоць улады кантралююць і абмяжоўваюць доступ у сеціва.
Найменшую колькасць балаў у рэйтынгу 2024 года атрымалі Кітай і М'янма (па 9), Іран (12), Расія і Куба (па 20). Больш за ўсё балаў маюць Ісландыя (94), Эстонія (92), Канада і Чылі (па 86). Украіна набрала ў рэйтынгу 59 балаў і трапіла ў групу "часткова свабодных" краін. Характэрна, што частка еўрапейскіх дзяржаў наогул не згадваюцца ў рэйтынгу, у тым ліку суседзі Беларусі — Літва, Латвія і Польшча.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.