Музыкі адмовіліся ад удзелу ў мітынгу з нагоды Дня Волі

25 сакавіка ў Мінску Дзень Волі (97-я ўгодкі абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці БНР) адзначаць шэсцем і мітынгам, якія дазволілі гарадскія ўлады. Збор удзельнікаў з 15.00 да 16.00 каля кінатэатра "Кастрычнік", шэсце да плошчы Бангалор з 16.00 да 17.00, мітынг у парку Дружбы Народаў да 18-й гадзіны. Галоўныя тэмы акцыі — гэта абарона незалежнасці і міру, салідарнасць з народам Украіны.

Планавалася, што на мітынгу выступяць і музыкі — гурты Amaroka, "Мутнаевока" і ZnaROCK. Аднак яны адмовіліся. Вось што распавёў Еўрарадыё адзін з арганізатараў акцыі, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

"Была папярэдняя згода музыкаў, але ўчора позна ўвечары ўсе, з кім была папярэдняя дамоўленасць, паведамілі, што, з розных прычынаў, у іх не будзе магчымасці ўдзельнічаць у сённяшнім канцэрце".

Па словах Янукевіча, арганізатары яшчэ перад пачаткам шэсця абмяркуюць сітуацыю. Магчыма, будзе нейкі "скарочаны фармат", таму што выступы музыкаў мусілі быць "асноўным элементам мітынгу", кажа Янукевіч.

Як інфармуе сайт tuzin.fm, Amaroka кажа пра тое, што арганізатары акцыі не маглі "забяспечыць мінімальнага тэхнічнага райдэру, не кажучы пра астатнія аспекты". Таксама музыкі супраць "палітызацыі знакавага свята для ўсёй Беларусі". "Мутнаевока" спасылаецца на перанос пачатку мітынгу на дзве гадзіны раней (на гэтым, нагадаем, настаялі мінскія ўлады), таму яны на ім выступіць не могуць. ZnaROCK кажа, што мае некалькі прычынаў, у тым ліку перанос часу пачатку мітынгу. Паводле слоў музыкаў, яны паведамілі арганізатарам пра сваё рашэнне яшчэ ў пятніцу.

25 пытанняў і адказаў з гісторыі БНР

Гістарычныя будынкі, звязаныя з БНР, учора і сёння (фота)

На здымку: Удзельнікі мінулагодняй акцыі на Дзень Волі ў парку Дружбы народаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі