“Мы жывём у таксічным грамадстве”. Як супрацьстаяць стрэсу і не загубіць здароўе

Як супрацьстаяць прэсінгу таксічнага грамадства, расказвае псіхолаг / Еўрарадыё
Як супрацьстаяць прэсінгу таксічнага грамадства, расказвае псіхолаг / Еўрарадыё

Сацсеткі ўжо колькі дзён абмяркоўваюць трагічны выпадак, які здарыўся з беларускай. Маладая супрацоўніца IT-кампаніі раптоўна памерла — а перад гэтым яна рэгулярна скардзілася сябрам на празмернае напружанне на працы.

І пакуль у інтэрнэце высвятляюць, хто ў гэтай сітуацыі вінаваты, а працадаўца праводзіць унутранае расследаванне, псіхолаг раіць звярнуць увагу на сябе. Наталля Скібская расказала Еўрарадыё, як зменшыць шкодны ўплыў стрэсу на арганізм і навучыцца адмаўляць у невыгодных для сябе сітуацыях.

Навука ўжо мае адназначнае меркаванне наконт таго, што стрэс і празмернае эмацыйнае напружанне падрываюць здароўе. Пра гэта, напрыклад, шмат кажа прафесар са Стэнфарда Роберт Сапольскі — вядомы папулярызатар біялогіі і нейранавук. Ён заяўляе наўпрост: стрэс нас павольна забівае.

— Працяглы стрэс правакуе фізіялагічныя змены ў нашым арганізме, гэта праўда. Але цяпер такі час, што мы ўсе жывем у пастаянным напружанні. Рэпрэсіі ў Беларусі, дрэнныя навіны ўвогуле, хтосьці з’ехаў, хтосьці застаўся, вайна… Мы жывем ва ўмовах падвышанага стрэсу, і большасць з нас знаходзіцца не ў лепшым псіхалагічным стане. Але што тут асабліва важна — гэта не пагаршаць гэты стан праз узаемныя абвінавачванні і варожасць адзін да аднаго. Людзі толькі і робяць, што хэйцяць іншых. За тое, што недастаткова дапамагаюць, што дазволілі сабе адпачыць, мала працуюць, не тое кажуць… Хопіць. Праз гэта і так выснажаныя людзі адчуваюць яшчэ большы прэсінг, баяцца прызнацца, што не спраўляюцца, баяцца пагарды за тое, што ім патрэбны адпачынак, – кажа Наталля Скібская.

Як дапамагчы сабе ў стрэсе тут і цяпер? Працуюць банальныя парады: наладзіць рэжым сну – і тут карысна будзе не чытаць навінаў нанач, дазволіць сабе выходныя, зрабіць вылазку на прыроду, заняцца спортам, паабдымацца з блізкімі, папоўніць дэфіцыты вітаміну Д і магнію. Іншая справа — навучыцца супрацьстаяць гэтаму дадатковаму прэсінгу і атрутнаму атачэнню.

— Нам трэба ўзяць за аксіёму, што калі мы выраслі ў постсавецкай прасторы, мы жывем у таксічным грамадстве. Дзе лічыцца нормай крычаць на іншых, прыніжаць, абражаць, парушаць персанальныя граніцы. Трэба трымаць гэта ў галаве і памятаць: гэта — не норма, ніхто гэтага не заслугоўвае. І нашая адказнасць — абараніць сябе ад гэтых таксічных адносін. Як пазнаць, што яны менавіта таксічныя? У іх чалавек адчувае сябе выкарыстаным, спустошаным, выснажаным, прыніжаным. Гэта трэба перапыняць, казаць наўпрост, што вам гэта не падабаецца, сыходзіць, звальняцца. Той, хто чыніць несправядлівасць, безумоўна, вінаваты, але ніхто, ні Ціханоўская, ніхто іншы, акрамя нас, нас ад гэтага не вызваліць, — тлумачыць псіхолаг.

У цяжкіх выпадках варта звяртацца па дапамогу да прафесіяналаў, але не пашкодзіць проста пачытаць штосьці пра таксічныя адносіны і абарону персанальных межаў або паглядзець адукацыйныя відэа на гэтую тэму. Наталля Скібская кажа, што быць дабрэйшымі да сябе і іншых — самае меншае, але найважнейшае з таго, што мы можам зрабіць у сітуацыі перманетнага стрэсу.

— Каб змяніць грамадства навокал, трэба пачынаць з сябе. Быць да сябе больш уважлівым, берагчы сваё здароўе. Асабліва зараз нам трэба быць устойлівымі, падтрымліваць адзін аднаго, каб вытрываць жыццёвыя выпрабаванні і мець сілы на тое, каб зрабіць штосьці добрае на карысць лепшай будучыні, — падсумоўвае псіхолаг.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі