На ЧС па веславанні беларусы заваявалі шэсць медалёў
На чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ, які праходзіць у венгерскім Сегедзе, беларусы заваявалі ўжо шэсць узнагародаў. Учора Марына Літвінчук і Вольга Худзенка выйгралі заезд на 200 метраў у байдарцы-двойцы, а сёння паказалі найлепшы вынік на дыстанцыі ў 500 метраў. У мужчын на дыстанцыі 500 метраў перамог беларускі экіпаж байдарачнікаў у складзе Станіслава Дайнекі і Дзмітрыя Натынчыка.
Аліна Наздрова ўчора атрымала золата на дыстанцыі 500 метраў у каноэ-адзіночцы, а сёння ў яе бронза ў заездзе на 200 метраў. Таксама ўчора байдарачнік Мікіта Борыкаў атрымаў срэбра на дыстанцыі 500 метраў.
У агульнакамандным заліку беларускія спартоўцы дзеляць 2-3 месца з венграмі — у іх па 6 медалёў. Наперадзе брытанцы, якія маюць 8 медалёў.
Чэмпіянат свету завяршыцца 25 жніўня.