На мастака Генадзя Драздова пачалі крымінальную справу
Генадзь Драздоў / svaboda.org
На мастака Генадзя Драздова, які раней узначальваў суполку "Пагоня", пачалі крымінальную справу, піша тг-канал "Позірк".
У праўладным тэлеграм-канале з'явіўся відэазапіс з ім. Паведамляецца, быццам Драздова затрымалі "за актыўны ўдзел у масавых беспарадках".
Сам мастак кажа на відэа, што яго затрымалі "невядома за што". Сілавікі знялі на відэа кватэру мастака: у кадры бачныя невялікія нацыянальныя сцягі і бел-чырвона-белыя стужкі, раскіданыя кнігі і карціна з вядомай актывісткай Нінай Багінскай.
Мастак Алесь Цыркуноў так ахарактарызаваў відэаролік: "На відэа ён пазнавальны, і яго кватэра. Карціна, якую ён маляваў з Ніны Багінскай. Пакой зняты, разбураны, але неяк акуратна, хіба для здымкаў".
Цыркуноў кажа, што Генадзь Драздоў знік 10 ці 12 жніўня. Тады яго калегам міліцыянты сказалі, што мастак арыштаваны на 15 сутак і перабывае ў ЦІП на Акрэсціна.
Ці выпускалі мастака пасля гэтага прысуду, невядома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.