На палітвязня Сяргея Ціханоўскага пачалі новую крымінальную справу
Сяргей Ціханоўскі / Еўрарадыё, архіўнае фота
На палітвязня Сяргея Ціханоўскага пачалі новую крымінальную справу, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Раней Ціханоўскага асудзілі закрытым судом на 18 гадоў зняволення. У жніўні 2022 года яго перавялі на тры гады на турэмны рэжым.
Следчыя заяўляюць, што ў жніўні-лістападзе мінулага года ў жодзінскай турме №8 Ціханоўскі неаднаразова не падпарадкоўваўся патрабаванням адміністрацыі турмы.
"Ён парушаў парадак адбыцця пакарання, не рэагаваў на законныя патрабаванні супрацоўнікаў адміністрацыі, грубіў ім, правакаваў сукамернікаў на канфлікты. За сістэматычнае парушэнне правілаў унутранага распарадку Ціханоўскі неаднаразова зазнаваў спагнанні", — гаворыцца ў паведамленні СК.
Таксама паведамляецца, што Ціханоўскага паставілі на прафілактычны ўлік як "схільнага да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці". (На гэты ўлік ставяць амаль усіх асуджаных па палітычных матывах. Ім нашываюць на вопратку жоўтыя біркі.)
Следчыя абвінавацілі Ціханоўскага паводле ч. 2 арт. 411 (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, учыненае асобай, асуджанай за цяжкае і асабліва цяжкае злачынства) Крымінальнага кодэкса. Паводле гэтага артыкула яму пагражае яшчэ да двух гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.