На радзіме затрымалі беларуса, якому Швецыя адмовіла ў прытулку

Сцяг Швецыі, ілюстрацыйнае фота

Сцяг Швецыі, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Пры вяртанні ў Беларусь на мяжы затрымалі мужчыну, якому міграцыйная служба Швецыі адмовіла ў прытулку. Пра гэта паведамляе Радыё "Свабода" са спасылкай на шведскае Sveriges Radio.

Паведамляецца, што беларус разам з маці прыехаў у Швецыю два гады таму. Яны папрасілі прытулку, абгрунтоўваючы тым, што абое ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту пасля выбараў 2020 года. У сваі заявах на атрыманне міграцыйнага статусу беларусы пазначылі, што на радзіме на іх пачалі крымінальныя справы і "яны баяцца, што іх пасадзяць у турму". Тым не менш іх прашэнні адхілілі.

Паведамляецца, што гэта адбылося яшчэ ў 2023 годзе. На мінулым тыдні мужчыну і яго маці дэпартавалі са Швецыі ў Беларусь. Мужчыну, як паведамляецца, затрымалі адразу на мяжы. Пра лёс яго маці не паведамляецца.

Адвакат Стэфан Крысціч, які прадстаўляў інтарэсы некалькіх беларускіх просьбітаў прытулку, у каментары выданню кажа, што да нядаўняга часу міграцыйная служба Швецыі ацэньвала прашэнні беларусаў "на падставе састарэлай інфармацыі". У выніку шмат хто з просьбітаў пацярпеў.

5 жніўня ў Вільні на канферэнцыі "Новая Беларусь" прадстаўнік народнай амбасады ў Швецыі Дзмітрый Васэрман казаў, што летась больш за сто беларусаў прасілі статус уцекача ў Швецыі, а атрымалі толькі трое. Пры гэтым некаторыя з просьбітаў абскарджваюць такія рашэнні, а некаторыя едуць у іншыя краіны. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі