На трэніроўку ХК “Дынама-Мінск” прыйшоў Міхаіл Грабоўскі
Хакеіста Міхаіла Грабоўскага заўважылі на трэніроўцы ХК “Дынама-Мінск”. Ён назіраў за трэніроўкай з трыбуны, старанна хаваючыся ад журналістаў.
Няўжо самы паспяховы беларускі хакеіст апошніх гадоў увойдзе ў трэнерскі штаб “зубраў”? На жаль, Грабоўскі быў нешматслоўны. Па яго словах, мэтай візіту на трэніроўку сталі “службовыя абавязкі”.
У прэс-службе “Дынама-Мінск” абвяргаюць, што клуб уступіў з хакеістам у працоўныя адносіны. Маўляў, Грабоўскі проста прыйшоў паглядзець на трэніроўку.
Па словах бацькі Міхаіла Грабоўскага, смелых, далёкасяжных высноваў пакуль рабіць не трэба:
“У яго ўжо была спроба ўкараніцца [у трэнерскім штабе “Дынама-Мінск”. — Еўрарадыё], але не далі, — распавядае Еўрарадыё Юрый Аляксандравіч. — Цяпер ён знаходзіцца на парозе: канчаткова заканчваць кар'еру або працягваць. Але, каб пакуль сказаць тату, дзядулю і сабе ў першую чаргу, што кар'ера скончаная, — такога не было. Стан здароўя нервовы: хоча гуляць, але пакуль здароўе не дазваляе”.
Навошта тады Грабоўскі прыйшоў на трэніроўку да “зуброў”?
“Ён жа пастаянна ў хакейнай тэме, яму гэта цікава, — дадае Юрый Грабоўскі. — Але мэта гэтага паходу мне невядомая, са мной не дзяліўся”.
Міхаіл Грабоўскі — беларускі хакеіст, цэнтрфорвард. Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Патсдаме. Спартыўную кар'еру пачаў у мінскім “Юнацтве”. У 2006 годзе перабраўся за акіян. Выступаў за Манрэаль, Таронта, Вашынгтон. Апошнім клубам, за які паспеў пагуляць Грабоўскі, стаў “Нью-Джэрсі Айлендэрс”. У 2016 годзе Міхаіл Грабоўскі падчас матча атрымаў цяжкае страсенне мозга, узнавіцца пасля якога, на жаль, пакуль не здолеў.