Міхаіл Грабоўскі: Лічу, што захоўваць і падтрымліваць беларускую мову неабходна
Самы вядомы беларускі хакеіст, адзіны прадстаўнік нашай краіны ў НХЛ Міхаіл Грабоўскі ў інтэрв'ю Радыё Свабода выказаўся пра беларускую мову і беларускі патрыятызм. Сябе ён называе "чалавекам свету з беларускім характарам".
"Так склалася, што ў Беларусі на першых ролях руская [мова], — гаворыць Грабоўскі. — Але калі мяне не зразумеюць па-руску і папросяць гаварыць па-беларуску, я буду старацца. Для мяне гэтая мова такая ж важная, як і руская".
Хакеіст перакананы, што "сваю мову трэба захоўваць, шанаваць, яна абавязана быць важнай складовай часткай нашай краіны, нашага народу". "Шмат людзей гаворыць па-беларуску, я такую пазіцыю паважаю — хоць, зноў жа, у маім выпадку руская ў кантактах, безумоўна, асноўная, — працягвае Міхаіл Грабоўскі. — Тым не меней лічу, што захоўваць родную мову неабходна, як і падтрымліваць яе на ўсіх узроўнях".
Выказаўся Грабоўскі і пра патрыятызм: "Найважнейшае — пачуццё патрыятызму, каб людзі рэальна адчувалі: Беларусь — дзяржава, якая мае сваю даўнюю гісторыю, самабытную культуру, мову... Гэта павінна быць у крыві".
Грабоўскаму 34 гады. Ён прызнаваўся найлепшым хакеістам нашай краіны ў 2009, 2011, 2013 і 2014 гадах. Быў капітанам нацыянальнай зборнай Беларусі. Гульня ў НХЛ прыпынілася ў пачатку 2016 года пасля цяжкага страсення мозгу, атрыманага ў адной з гульняў.