Напярэдадні Дня закаханых J:морс напоіць фэнаў кіслародным морсам
13 лютага гурт J:морс прэзентуе ў сталічным Prime Hall свой новы альбом "Паветра". А таксама афіцыйны напой, які змогуць прадэгуставаць прыхільнікі гурта падчас канцэрта.
Напой мае назву "J:морс — Воздух", ён прысвечаны новай кружэлцы і ўяўляе сабой спалучэнне морсу з кіслародам з выкарыстаннем 100% беларускіх інгрэдыентаў, у тым ліку свежай мяты і журавін. "J:морс" распрацавалі яго рэцэпт адмыслова да канцэрта 13 лютага. Калі ўсё пройдзе паспяхова, не выключана, што музыкі возьмуцца за масавую вытворчасць прадукту. Дарэчы, журавіны для напою Уладзіміру Пугачу былі дастаўленыя з роднага для яго Палесся.
Традыцыйна для сваіх "валянціначных" выступаў, J:морс прапануе сцэну для прызнанняў у каханні: гэта можна будзе зрабіць у перапынку паміж дзвюма часткамі канцэрта.