НАУ просіць Чырвоны Крыж прыпыніць супрацоўніцтва з беларускім філіялам

Беларускі Чырвоны Крыж абвінавачваюць у датычнасці да фальсіфікацыі выбараў / mag.103.by​
Беларускі Чырвоны Крыж абвінавачваюць у датычнасці да фальсіфікацыі выбараў / mag.103.by​

Народнае антыкрызіснае кіраванне звярнулася ў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа з просьбай ацаніць працу беларускага філіяла гэтай арганізацыі (БТЧК). Такім чынам НАУ вырашыла падтрымаць кампанію, якую арганізавалі ў сацсетках прадстаўнікі беларускай дыяспары.

Аўтары кампаніі лічаць, што Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа ўдзельнічала ў фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. У якасці аргументаў прыводзяць наступныя факты: прадстаўнікі БТЧК былі сябрамі ўчастковых выбарчых камісій; на многіх участках, дзе ў камісіях сядзелі прадстаўнікі Чырвонага Крыжа, платформа "Голас" даказала факты фальсіфікацыі вынікаў; нарэшце, БТЧК не заступілася за медыкаў, якіх пасля выбараў звальнялі і пераследавалі за грамадзянскую пазіцыю.

"У мяне як у чалавека ўзнікае вялікае пытанне: чаму Міжнародны Чырвоны Крыж, адна з самых аўтарытэтных у свеце арганізацый, выкарыстоўваецца ў Беларусі як палітычны інструмент?" — пракаментаваў зварот НАУ кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

НАУ просіць МКЧК ацаніць дзеянні прадстаўнікоў БТЧК; пазбавіць беларускі філіял фінансавай падтрымкі, а грошы накіраваць тым, хто мае ў іх патрэбу; а таксама прыпыніць сяброўства БТЧК у арганізацыі, пакуль беларускі філіял не дакажа адданасць прынцыпам руху.   

Нагадаем, раней пісьменнік Саша Філіпенка звяртаўся з адкрытым лістом да кіраўніка МКЧК Петэра Маўрэра — пісаў пра тое, што міжнародная арганізацыя, закліканая дапамагаць, ігнаруе гуманітарную катастрофу, якая адбылася ў Беларусі. Філіпенка таксама прасіў Петэра Маўрэра пра рэакцыю і ўдзел — заклікаў "у самы кароткі тэрмін увайсці з інспекцыяй у перапоўненыя беларускія турмы, дзе мірныя грамадзяне тыднямі ўтрымліваюцца ў карцарах, дзе няма ні гарачай вады, ні сродкаў гігіены, дзе арыштаваныя падвяргаюцца катаванням, псіхалагічнаму і фізічнаму ціску".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі