Не прайшло і 20 гадоў: Мінсувязі зноў марыць пра беларускія Windows і Office
Ці мараць андроіды пра “лічбавы суверэнітэт”?
Міністр сувязі Канстанцін Шульган днямі заявіў, што Беларусі патрэбныя ўласныя аперацыйная сістэма, браўзер і комплекс офісных праграм. Усё гэта нібыта патрэбна, каб дасягнуць “лічбавага суверэнітэту”.
Адразу скажам, што гэта не першыя размовы пра беларускія Windows і Microsoft Office. Папярэдняя спроба была… яшчэ ў 2005 годзе. Гендырэктар Нацыянальнага цэнтра інфармацыйных рэсурсаў і тэхналогій Акадэміі навук Беларусі Міхаіл Маханёк тады казаў, што распрацоўка “такой сістэмы” ўжо вядзецца.
"Узялі [тады] Убунту, Лінукс, памянялі застаўкі і паказалі, — прыгадвае на просьбу Еўрарадыё падзеі тых часоў айці-менеджар, які пажадаў застацца ананімным. — У Беларусі няма спяцоў і каманд, каб з нуля пісаць [аперацыйныя сістэмы]. Гэта доўга і вельмі дорага".
Чым скончыцца цяперашняя спроба перастварыць запатрабаваныя прадукты заходніх IT-гігантаў? Пра гэта Еўрарадыё паразмаўляла з Кірылам Валошыным — бізнесоўцам і сузаснавальнікам TUT.by.
— Ці хопіць у рэжыму мазгоў і грошай, каб распрацаваць уласную аперацыйную сістэму, браўзер і офісны пакет?
— Калі казаць пра распрацоўку незалежнага софту ці аперацыйнай сістэмы цалкам з нуля, то такі праект будзе каштаваць дзясяткі мільёнаў долараў, калі не болей. І зойме дзесяцігоддзе.
Нават калі рэсурсы будуць выдаткаваныя, невядома, што ў выніку атрымаецца, Ці будзе гэты софт працаваць, на якіх камп'ютарах, ці змогуць людзі ім авалодаць, які будзе функцыянал, як сістэма будзе абнаўляцца. Вельмі шмат пытанняў, якія не маюць адказу.
— Ці ведаеце вы прыклады паспяховага “імпартазамяшчэння” такога маштабу?
— Такіх прыкладаў амаль няма, акрамя, можа, Кітая з сырой АС openKylin, “офiсам” Lingsoft і незалежнай лічбавай экасістэмай, якая распрацоўваецца не адно дзесяцігоддзе. Яны могуць уяўляць пэўную цікавасць і нават з улікам санкцый разглядацца як нейкі ўмоўны канкурэнт софту ад Microsoft і іншых амераканскіх кампаній.
Праблема ў тым, што такі складаны софт мусіць заставацца незалежным і шматплатформенным, адаптаваным для розных сістэм. Сёння немагчыма ўявіць, каб MS Office працаваў толькі для Windows. Ен існуе і для камп’ютараў на базе MacOS, Android і г.д.
Убухаць шмат грошай, каб зрабіць слабы неканкурэнтны прадукт для адной краіны, — бессэнсоўная справа. Нашмат прасцей і танней аплачваць падпіску на наяўныя прадукты (напрыклад, расійскія), чым ствараць і абслугоўваць новыя. Іначай гэта фактычна перастварэнне кампаніі Microsoft, што само па сабе гучыць як абсурд.
— Як вам падаецца, што чыноўнікі могуць зрабіць, каб спрасціць сабе працу па распрацоўцы такога прадукту, калі справа ўсё ж пойдзе далей за словы?
— Самае простае (чыста гіпатэтычна) — выкарыстаць прадукты з адкрытым кодам, узяўшы іх на GitHub ці на іншых рэсурсах, перабрэндаваць і зрабіць сваю зборку. І прадставіць — вось, маўляў, сапраўды нешта сваё.
Але нават на гэта патрабуюцца гады працы і тэстаў, шмат грошай. А потым дадатковае абслугоўванне і дапрацоўка. Цяжка ўявіць, як гэта будзе працаваць з-пад палкі, калі гэта дзяржзагад, а не сапраўднае жаданне стварыць якасны прадукт.
— Ці можа стварэнне сваёй аперацыйнай сістэмы гарантаваць рэжыму “лічбавую незалежнасць”, пра якую разважае чынавецтва?
— Ніякай “незалежнасці” ў выпадку замены аперацыйнай сістэмы і “офіса” ўсё роўна не адбудзецца. Большасць праграм у “сваёй” аперацыёнцы будуць “чужыя”. Таму гэта фантастычная, недасягальная ідэя. А перасадзіць беларусаў на выкарыстанне такога софту — тым болей.
Улічваючы высокі ўзровень пірацтва, я думаю, што дзяржпрадпрыемствы працягнуць выкарыстоўваць узламаны софт заходніх кампаній ці пяройдуць на яго бясплатныя аналагі: Linux, LibreOffice альбо OpenOffice.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.