Некалькі (вельмі) кранальных кадраў абмену паміж Расіяй і Захадам — #ІхНоравы
#ІхНоравы
Беларусы глядзяць на абмен паміж РФ і Захадам са змяшанымі пачуццямі. Мы радыя — але не разумеем, як зрабіць так, каб у спісы трапілі і беларускія палітвязні.
Але мы ведаем, як замяніць вашыя цяжкія думкі на добрыя эмоцыі. Паглядзіце, як Джо Байдэн і Камала Харыс сустракаюць журналіста The Wall Street Journal Эвана Гершковіча. І пачытайце іншыя сусветныя навіны, ад якіх таксама зашчыміць сэрца.
Вас гэта кране
Калі журналіст спусціўся з трапа, ён некалькі разоў абняў Харыс і Байдэна, а потым падышоў да сваёй маці Элы і абняў яе так, што нават падняў над зямлёй. Яго таксама сустрэлі бацька Міхаіл і сястра Даніэль. Пагутарыўшы з сям'ёй некалькі хвілін, Эван падышоў да натоўпу рэпарцёраў — у натоўпе стаялі не толькі тыя, хто прыйшоў "па працы", але і сябры і калегі.
— Ёсць адна рэч, якую я хацеў бы сказаць. Было цудоўна сесці сёння ў гэты аўтобус і ўбачыць не толькі амерыканцаў і немцаў, але і расійскіх палітвязняў. Я прабыў месяц у турме ў Екацярынбургу, дзе ўсе, з кім я сядзеў, былі палітычнымі вязнямі.
Ніхто іх не ведае, у іх розныя палітычныя перакананні, не ўсе яны звязаныя з прыхільнікамі Навальнага, пра якіх усе ведаюць. Я б хацеў паглядзець, ці зможам мы нешта зрабіць і з імі. Я б хацеў пагаварыць пра гэта з людзьмі ў найбліжэйшыя тыдні і месяцы", — сказаў журналіст.
Чаму амерыканскі журналіст разумее, што трэба ратаваць тых, пра каго мала пішуць у навінах? І чаму гэта не заўсёды разумеюць беларусы? Пачытайце ліст Таццяны Хоміч, які яна даслала нам у рэдакцыю.
Вельмі складаная ўгода
Тым часам з'яўляюцца і драматычныя падрабязнасці заключэння гэтай угоды. Яна рыхтавалася два гады, і калі б усё здарылася раней, лідар расійскай апазіцыі Аляксей Навальны таксама мог выйсці на волю.
Амерыканскія чыноўнікі, дыпламаты і супрацоўнікі ЦРУ падарожнічалі па свеце ў пошуках прыязных урадаў, гатовых вызваліць зняволеных, патрэбных Расіі. Але асноўным патрабаваннем Расіі было вызваленне з нямецкай турмы спецназаўца ФСБ Вадзіма Красікава.
Паводле інфармацыі нямецкага выдання Die Zeit, адным з "заўзятых праціўнікаў" абмену Красікава была міністр замежных спраў Германіі Аналена Бербак. Адна з прычын — яна лічыла няправільнымі такія дамоўленасці з Расеяй. Другая прычына: Бербак думала, што Навальны пасля абмену можа зноў вярнуцца ў Расію, і ўсё паўторыцца.
Каб абмежаваць колькасць турыстаў-аднадзёнак, Венецыя ўвяла штодзённую плату за ўваход. У Барселоне і на Маёрцы жыхары выйшлі пратэставаць супраць турыстаў на вуліцы. А ў Капенгагене проста папрасілі гасцей паводзіць сябе добра — і паабяцалі за гэта бонусы.
"Мы хочам, каб турызм быў рухальнай сілай пазітыўных зменаў, а не цяжарам для навакольнага асяроддзя, — тлумачаць аўтары ініцыятывы. — Калі вы выпраўляецеся ў падарожжа, вы часам забываеце пра добрыя звычкі, якія былі ў вас дома. Мы хочам натхніць падарожнікаў на больш свядомае мысленне і паводзіны".
Робаты для апакаліпсісу
Людзі прыдумалі робата для працы ў надзвычайных умовах — напрыклад, пры смяротнай радыяцыі, а яшчэ ў раёнах, дзе ёсць пагроза хімічнай ці біялагічнай небяспекі. Стартап Oxford Dynamics спадзяецца пабудаваць тысячы такіх робатаў.
"Замест таго каб адпраўляць чалавека для барацьбы з патэнцыйна смяротнымі рэчывамі, давайце замест гэтага адправім машыну", — кажа заснавальнік стартапа.
Мы, вядома, радыя, што ў выпадку ядзернай вайны цяжка працаваць будуць робаты, а не чалавек. Але, можа, усё ж давайце без гэтага?
Вуркаталы Кеніі
А ў Найробі, сталіцы Кеніі, могуць увесці падатак на катоў. Людзі абураныя. Многія праціўнікі новага закона лічаць, што ўлады хочуць проста садраць больш падаткаў і прыкрываюцца клопатам пра жывёл.
А цяпер самае важнае: уладальнікаў катоў і котак у Кеніі называюць "вуркаталамі". Самі разумееце, дзеля гэтага факту мы і расказалі вам усю навіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.