Па БТ паказалі сюжэт пра Міхалка і кавалкі кліпа з “Пагоняй” (відэа)

Лідар негалосна забароненага ў Беларусі гурта “Ляпіс ТрубяцкіСяргей Міхалок стаў героем дакументальнай стужкі, якая выйшла ў эфір на дзяржаўным тэлеканале “Беларусь 1” у нядзелю, 13 ліпеня. Фільм “Зорнае жыццё. Цела як інтымны дзённік” быў зняты ўкраінскім тэлеканалам СТБ. Стужка прысвечаная заходнім і постсавецкім зоркам, якія перамаглі сваіх “дэманаў” і зафіксавалі гэта ў выглядзе татуіроўкі.

Сярод іншых распавядалася і гісторыя “перанараджэння” Сяргея Міхалка, які здолеў справіцца з алкаголем і наркотыкамі, падняцца з самага дна і працягнуць займацца музыкай. Усё гэта знайшло адлюстраванне на целе музыкі ў выглядзе тату, сэнс якіх тлумачаць аўтары стужкі.

У фільме прысутнічаюць і неверагодныя па мерках БТ рэчы: акрамя ўласна Міхалка дэманструецца ўрывак кліпа “Не быць скотам” з кадрамі, на якіх добра відаць герб “Пагоня”, а таксама кавалкі канцэртаў, дзе публіка трымае ў руках бел-чырвона-белыя сцягі.

Нагадаем, “Ляпіс Трубяцкі”, а таксама шэраг іншых вядомых беларускіх калектываў і музыкантаў трапілі ў негалосныя “чорныя спісы” пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. З таго часу “ляпісы” не далі ніводнага канцэрта на Радзіме. Іх музыку прыбралі з тэле- і радыёэфіру, а сталічная пракуратура нават праводзіла праверку ў дачыненні да Сяргея Міхалка, якога падазравалі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. Аднак у выніку справа распачатая не была.

Пасля таго, як у 2013 годзе лідар гурта “Нейра Дзюбель” Аляксандр Кулінковіч і галоўны рэдактар Еўрарадыё Віталь Зыблюк задалі Лукашэнку пытанні пра забароненых музыкаў, “чорныя спісы” “падкарацілі”. Аднак “Ляпіс Трубяцкі” і Зміцер Вайцюшкевіч дагэтуль не могуць легальна выступіць у Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі