Палачане скардзяцца на невыносны стан дарог, дзе “па дакументах асфальт”

Палачане скардзяцца на невыносны стан дарог, дзе “па дакументах асфальт”

Жыхары Полацка незадаволеныя якасцю дарог у горадзе. Людзі дасылаюць у рэдакцыю Еўрарадыё фота дарог, якія не рамантаваліся шмат гадоў. Асабліва ад бездарожжа пакутуюць жыхары вуліц Мірная, Навасёлаў і мікрараён Грамы.

“Калі шчыра ў Грамах проста жудасна ўсё, — распавёў Еўрарадыё жыхар Полацка Аляксей. — Стан сумны. Людзі рамантавалі дах пяціпавярховага дома, рабочыя скідвалі руберойд на зямлю. А пасля гэтым адпрацаваным руберойдам закрывалі ямы”.

Палачане скардзяцца на невыносны стан дарог, дзе “па дакументах асфальт”

Днямі ў Полацк прыязджаў памочнік Аляксандра Лукашэнкі па Віцебскай вобласці Віталь Воўк. На прыёме ў чыноўніка жыхары Полацка паскардзіліся на дарогі, а дакладней на іх адсутнасць у Грамах. Пасля размовы з палачанамі Воўк паабяцаў асабіста прыехаць у Грамы ў сакавіку, каб вырашыць праблему.

Палачане скардзяцца на невыносны стан дарог, дзе “па дакументах асфальт”
Вуліца Шаўмяна

Грамадскі актывіст Віктар Стукаў распавядае Еўрарадыё, што ў Полацку ёсць вуліцы, дзе захрасаюць машыны, а жудасны стан дарог захоўваецца ў горадзе ўжо шмат гадоў.

“Асабліва вясной у Грамах — балота, — кажа Віктар Стукаў. — Таксі захрасаюць, і даводзіцца тросам выцягваць. І так не толькі ў Грамах. Вуліцы Мірная, Навасёлаў, Бабушкіна, Шаўмяна...У мясцовай газеце пісалі, што каля 65% вуліц не заасфальтаваныя ў горадзе. Жыхары вуліцы Арджанікідзэ мне казалі, пайшлі ў райвыканкам скардзіцца на бруд, а там кажуць: "Па дакументах у вас асфальт ляжыць"”.

“Фінансаванне меншае, чым у мінулым годзе”

У Полацкім райвыканкаме Еўрарадыё патлумачылі, што пакласці асфальт па ўсім горадзе немагчыма.

“У якім горадзе няма такой праблемы? — адказвае пытаннем на пытанне першы намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Сяргей Лейчанка. — Пасля капрызнай зімы, натуральна, і ў Полацку праблема ёсць. Гарадскія службы працуюць кожны дзень. Хочацца шмат, але як ёсць. Ёсць вуліцы проста з пясчаным пакрыццём... І ў гэтым годзе фінансаванне [на рамонт дарог] меншае, чым у мінулым годзе”.

Палачане скардзяцца на невыносны стан дарог, дзе “па дакументах асфальт”
Цэнтр горада

У бюджэце Беларусі на 2019 год на рэканструкцыю, рамонт і ўтрыманне мясцовых дарог прадугледжана амаль 97 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, з 1 студзеня 2014 года ў Беларусі ўладальнікі аўтамабіляў плацяць так званы “дарожны збор”. Напрыклад, за легкавое аўто вагой да 1,5 тоны трэба заплаціць 76,5 рубля за год, ад 1,5 да 2 тон — 153 рублі. 50% ад спагнанага збору ідзе ў рэспубліканскі бюджэт. Астатнія 50% накіроўваюцца ў мясцовыя бюджэты — на рамонт дарог і будаўніцтва новых магістраляў.

Палачане скардзяцца на невыносны стан дарог, дзе “па дакументах асфальт”

У тым і была задумка збору: калі хочаш і далей ездзіць па дарогах без ям і калдобін — заплаці за іх рамонт. Але нешта пайшло не так.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі