Палажанку будуць судзіць з Рымашэўскім, Фядутам і Някляевым

Намесніца старшыні “Маладога Фронту” літаральна ўчора скончыла знаёміцца са сваёй крымінальнай справай. Яе матэрыялы, кажа Наста, займаюць 30 тамоў. Чаму Рымашэўскага і Палажанку аб'ядналі з кіраўнікамі "Гавары праўду", для самой дзяўчыны загадка:

Палажанка: “Тут няма ніякай логікі, лепш яе не шукаць. Таго ж Паўла Севярынца аб’ядналі з “хартыйцамі”. Я здзіўлена, бо першапачаткова я меркавала, што ў маёй справе фігуравалі толькі прозвішчы Рымашэўскі і Дзмітрыеў. Я думала, што нас трох аб’ядноўваюць у адну справу, можа, дзеля таго, каб даць больш мяккія прысуды, пасля іх дзеянняў, а мяне — бо я дзяўчына. Але зараз перамяшалі ўсіх: там будзе спадар Някляеў, які пад хатнім арыштам, Фядута, які ў СІЗА, людзі, якія знаходзяцца пад падпіскай. Усіх разам пасадзяць на адну лаву падсудных”.

На думку Палажанкі, справу пачнуць разглядаць яшчэ няхутка. На наступным тыдні матэрыялы могуць перадаць у суд. А суддзя, мяркуе маладафронтаўка, будзе іх чытаць яшчэ месяц.

Палажанка: “Кожны том, напэўна, як цэлы пакунак паперы А4. А некаторыя нават больш. Шчыра кажу, што я нават не чытала большасць з гэтых тамоў, бо я не збіраюся губляць на гэта час. Там збольшага розныя дакументы, якія не маюць дачынення да маёй асобы, не маюць дачыненне ўвогуле да персон”.

Дзяўчына кажа, што да матэрыялаў справы паставілася спакойна і віны сваёй прызнаваць не збіраецца.

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі