Парадную форму алімпійцаў прадаюць па 65-75 рублёў і абмежаванай серыяй (фота)
Парадная форма беларускіх алімпійцаў пачала прадавацца ў Мінску. Набыць яе можна толькі ў адным месцы — шоу-руме дызайнера Юліі Латушкінай, якая яе і распрацоўвала па замове Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Першай пакупніцай блакітнай сукенкі з арнаментальным узорам стала поп-зорка Аня Шаркунова. Следам за ёй майстэрню дызайнера наведвае і Еўрарадыё.
"Ёсць чатыры мужчынскія памеры і на кожны — усяго па тры майкі, — распавядае Юлія. — Кошт — 65 рублёў. Жаночыя — па 45 рублёў, сукенкі — па 75".
Атрымалася нятанна. Юля тлумачыць высокі кошт тым, што парадная форма шылася абмежаваным тыражом — усяго 350 экземпляраў. Маўляў, алімпійская форма мусіць усё ж быць эксклюзіўнай, таму, калі ў ёй пачне хадзіць увесь Мінск, будзе дзіўнавата.
На дадзены момант попытам карыстаюцца сукенкі. Але набываюць і майкі — аматары спорту і сябры спартсменаў, каб такім чынам падтрымаць беларускую каманду.
Майкі і сукенкі ад Юліі Латушкінай пашытыя з віскозы. Яны прыемна прылягаюць да цела і добра глядзяцца на фігуры. Наш рэдактар Віталь Зыблюк выбірае ў выніку кашулю з чырвоным узорам.
А мне падабаецца блакітная сукенка:
У форме ад Латушкінай беларуская каманда з'явіцца на адкрыцці і закрыцці алімпіяды.
Дарэчы, іншыя варыянты алімпійскай формы, не зацверджаныя Лукашэнкам, можна набыць у дзяржаўных крамах. Пінжакі, якія распрацоўваў Іван Айплатаў, пашытыя з прыгожага шчыльнага трыкатажу, іх можна набыць за 117,50 рублёў. Аднак, хоць на пінжак і прычэпленая бірка "хіт продажу", у крамах прызнаюцца, што попытам ён не асабліва карыстаецца.
Пад пінжак прапануецца апранаць белую кашулю з арнаментам. Прыгожая. З машыннай вышыўкай і коштам у 75 рублёў.
Па словах Віталя Зыблюка, які прымярае на сябе абодва варыянты формы алімпійцаў, тая, што прадаецца ў ГУМе, сімпатычная, патрыятычная, але крыху нязручная: у пінжаку горача, у Рыо ў такім можна сплавіцца.