Паўночная Карэя спыняе ядзерныя выпрабаванні
Кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын абвясціў, што Паўночная Карэя спыняе ядзерныя выпрабаванні і запускі міжкантынентальных балістычных ракет, а таксама зачыняе ядзерны палігон на поўначы краіны. Паводле Кім Чэн Ына, Пхеньян болей не мае неабходнасці ў правядзенні такіх выпрабаванняў, бо краіна завяршыла стварэнне ядзернай зброі.
Яшчэ адной прычынай спынення выпрабаванняў стала неабходнасць забяспечыць эканамічны рост і мір на Карэйскай паўвыспе.
Рашэнне аб спыненні ядзерных выпрабаванняў было прынятае ў пятніцу на пасяджэнні цэнтральнага камітэта кіруючай Працоўнай партыі Карэі і набывае моц з 21 красавіка.
У адпаведнай пастанове нават сказана, што Паўночная Карэя абяцае не выкарыстоўваць ядзерную зброю, калі для яе не будзе пагрозы, і абавязуецца “ні пры якіх абставінах” не перадаваць ядзерныя тэхналогіі іншым краінам, паведамляе ВВС.
Паўначная Карэя цягам апошніх дзесяцігоддзяў знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі праз парушэнні правоў чалавека, а таксама спробаў займець ядзерную зброю і сродкі яе дастаўкі з парушэннем міжнароднага заканадаўства.
КНДР правяла шэсць ядзерных выпрабаванняў, а таксама выпрабавала ракету дальняга радыуса дзеяння, якая можа дасягнуць тэрыторыі ЗША. Аднак ад пачатку гэтага года Пхеньян дэманструе гатовасць да дыялогу, як з ЗША , так і з суседняй Паўднёвай Карэяй.