"Перагрызу яму галёнкі": адказ "забойцы Латушкі" ініцыятыве сілавікоў

Экс-падпалкоўнік ГУБАЗіК Азараў супраць былога зэка Быстрова / калаж Улада Рубанава
Экс-падпалкоўнік ГУБАЗіК Азараў супраць былога зэка Быстрова / калаж Улада Рубанава

Праз некалькі дзён пасля публікацыі расследавання пра падрыхтоўку замаху на Паўла Латушку ў Варшаве з Еўрарадыё звязаўся чалавек, якога там называюць "агентам Лукашэнкі". Вячаслава Быстрова падазраюць у тым, што ён па заданні беларускага МУС прыехаў у Польшчу, каб збіраць звесткі пра "змагароў". А калі з'явіцца магчымасць, то і фізічна ліквідаваць апазіцыянераў.

Цяпер Быстроў знаходзіцца ў лагеры для мігрантаў у Варшаве. Ён папрасіў нас пра інтэрв'ю. Мы далі яму такую магчымасць.

“Перегрызу ему голени”: ответ “убийцы Латушко” инициативе силовиков
Вячаслаў Быстроў верыфікуе сябе

"Саджалі ні за што"

Еўрарадыё: Вы кажаце, што з пачатку 2000-х гадоў выступалі супраць рэжыму Лукашэнкі і толькі цяпер вам "цудам удалося пакінуць Беларусь". Чаму 20 з лішнім гадоў вы не маглі ўцячы?

Вячаслаў: У мяне стаяла забарона на выезд. Мяне пэрыядычна саджалі ў месцы пазбаўлення волі. Незаконна, ні за што. Выехаць мне наогул не давалі.

Еўрарадыё: Колькі разоў вы былі судзімыя і па якіх артыкулах?

Вячаслаў: Артыкулы былі за крадзяжы і рабаванне. Судзілі шэсць разоў, па-мойму. Можа, не шэсць, я магу памыляцца. Проста я не лічыў. Мы, крымінальнікі, не лічым судзімасці, нам гэта на хрэн не трэба.

Еўрарадыё: Як вам удалося ўцячы з Беларусі?

Вячаслаў: Як толькі ў мяне скончыўся нагляд, праз агенцтва ў Польшчы мне зрабілі працоўнае запрашэнне. Хуценька зрабілі візу, літаральна за чатыры дні.

 

"Вываліў перад Азаравым сваё хазяйства"

Пасля падзей жніўня 2020 года падпалкоўнік ГУБАЗіК Аляксандр Азараў сыходзіць з МУС. З меркаванняў бяспекі ён пераязджае ў Польшчу і пачынае весці барацьбу супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Праслухоўванне найвышэйшых чыноў з сілавых структур Беларусі, гучныя расследаванні і інсайды пра беларускія сакрэтныя службы — усё гэта праца ініцыятывы экс-сілавікоў.

У расследаванні пра замах на Латушку сцвярджаецца, што цяпер Вячаслаў Быстроў працуе ў Польшчы па заданні начальніка трэцяга ўпраўлення ГУБАЗіК Міхаіла Бедункевіча.

“Перегрызу ему голени”: ответ “убийцы Латушко” инициативе силовиков
Аляксандр Азараў / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Чаму Азараў выкрывае менавіта вас?

Вячаслаў: Ён ведае, што я прыехаў, што я магу шмат пра яго расказаць. Азарава я ведаю амаль восем гадоў. Першы раз, у 2014 годзе, ён прыйшоў да мяне на Валадарскага і прапанаваў супрацоўнічаць, пісаць даносы. Я адмовіўся. Урэшце ён мяне выбесіў. Я ўстаў, дастаў сваё "хазяйства", вываліў яму на стол і сказаў "накась выкусь". Таму ён мне помсціць.

У часе канфлікту з Азаравым у памяшканне забег Бедункевіч, ахоўнікі. Тады я першы і адзіны раз сустрэўся з Бедункевічам.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, Бедункевіч у той момант знаходзіўся за дзвярыма. Адкуль такая цікавасць у старшых афіцэраў ГУБАЗ да звычайнага зняволенага?

Вячаслаў: Таму што я пачаў раўці на Азарава. Бедункевіч, як відаць, быў ці ў калідоры, ці ў іншым кабінеце. Вось і заскочыў ратаваць свайго пратэжэ.

Еўрарадыё: Што вы можаце расказаць пра Міхаіла Бедункевіча?

Вячаслаў: Адзінае, што я магу сказаць, — гэта вельмі дасведчаны, мацёры "Шэрхан". Наколькі я чуў, Бедункевіч ні разу нікога не ўдарыў. Нічога новага пра Бедункевіча расказаць я не магу. Мент як мент, вораг як вораг.

“Перегрызу ему голени”: ответ “убийцы Латушко” инициативе силовиков
Міхаіл Бедункевіч / mvd.gov.by

Еўрарадыё: Вы не верыце, што Азараў можа быць былым. Тым часам ён і яго калегі публікуюць інфармацыю "для службовага карыстання". У тым ліку і пра сакрэтнае падраздзяленне ГРУ. Як вы гэта растлумачыце?

Вячаслаў: Ды гэтую інфармацыю пра адрасы структур, сілавікоў, іх імёны і гэтак далей ведаюць нават зэкі. Крымінальны свет ведае пра мянтоў больш, чым іх сябры. Лухта гэта ўсё.

“Перегрызу ему голени”: ответ “убийцы Латушко” инициативе силовиков
Вячаслаў Быстроў у Польшчы / інстаграм-акаўнт Вячаслава Быстрова

"З Азаравым не хачу размаўляць. Хачу з ім біцца"

Быстроў адмаўляе, што ў Польшчы ён павінен збіраць інфармацыю пра "змагароў" і пры магчымасці ліквідаваць Латушку.

Вячаслаў: Які з мяне кілер? У мяне няма сіл, няма магчымасцяў. Я ў лагеры для ўцекачоў, я невылечна хворы. Я беспантовы хворы былы крымінальнік.

“Перегрызу ему голени”: ответ “убийцы Латушко” инициативе силовиков
Новыя фота Вячаслава Быстрова, зробленыя ў Польшчы / інстаграм-акаўнт Вячаслава Быстрова

Еўрарадыё: А як наконт ужывую пагаварыць з Азаравым? Можа, знойдзеце агульную мову?

Вячаслаў: У мяне ёсць жыццёвыя прынцыпы. Па нашых паняццях пры такім абвінавачанні я павінен адразу біць. Я не маю права размаўляць з Азаравым. Мяне проста не зразумеюць. Дый сам я не вытрымаю і кінуся яго біць. Я, хворы чалавек, гатовы сустрэцца з Азаравым на рынгу, дзе мы змаглі б, як мужык з мужыком, высветліць адносіны. Я сваім бяззубым ротам перагрызу яму галёнкі.

“Перегрызу ему голени”: ответ “убийцы Латушко” инициативе силовиков
Вячаслаў на акцыі салідарнасці беларусаў у Польшчы / інстаграм-акаўнт Вячаслава Быстрова

Пасля расследавання ініцыятывы экс-сілавікоў ад Быстрова, па яго словах, адвярнулася беларуская дыяспара ў Варшаве. І гэта яго вельмі засмучае.

Вячаслаў: Маёй нянавісці да [міліцыянераў] хопіць і на беларусаў у Варшаве, якія чамусьці ліжуць ім [ініцыятыве экс-сілавікоў. — Еўрарадыё] ср*кі. Я па сваіх паняццях, па сваім ладзе жыцця ненавіджу мянтоў з ранняга дзяцінства. Я з імі на адным полі ср*ць не сяду.

Еўрарадыё: А польская паліцыя да вас ужо прыходзіла?

Вячаслаў: Я бачыў тут польскую паліцыю. Яны высакародныя, прыгожыя, інтэлігентныя, добрыя людзі. Я вельмі добра стаўлюся да польскай паліцыі.

Еўрарадыё: Можа быць, хочаце дадаць нешта яшчэ?

Вячаслаў: Дзякуй Еўрарадыё, якое дало мне магчымасць выказаць сваю пазіцыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі