Перакрылі пераход, дражнілі п'яных, "білі па вушах". У чым віна вулічных музыкаў
Малады музыка Мікіта Найдзёнаў трапіў у ідыёцкую сітуацыю. Ён ішоў па пераходзе на станцыі метро "Каменная горка" ў Мінску, пачуў, як вулічны гітарыст грае "Тры чарапахі", і спыніўся паспяваць разам з ім. А ў выніку трапіў у міліцэйскі пастарунак. "Толькі спяваю "Каб любіць Беларусь, маю мілую маму", як падыходзіць міліцыянт. Капец, думаю, во як сімвалічна!" — распавядае Еўрарадыё Найдзёнаў.
Міліцыянт кажа гітарысту, што папярэджваў яго, таму цяпер давядзецца "прайсці", каб скласці пратакол. Найдзёнава таксама запрашае "ў аддзяленне". "Мяне ніхто не папярэджваў, але ладна, ідзем утрох, — працягвае музыка. — На першым павароце хлопец уцякае. І застаецца толькі ахоўнік парадку і я, які пяць хвілін таму з’явіўся на "Каменцы".
У пакоі міліцыі Найдзёнаў прад'яўляе пашпарт і пытаецца, што яму "прад'яўляе" ахова метрапалітэна.
"Кажу: "Што вы мне інкрымінуеце?" — а ён адказвае: "Загрувашчвалі пераход". Думаю, дзякуй богу, што не "брудна лаяўся і аказваў супраціў", — працягвае Мікіта. У выніку хлопца адпускаюць без складання пратаколу, і ён ідзе па сваіх справах скрозь мармуровую цішыню падземнага перахода. Ніхто тут больш не спявае ні пра трох чарапах, ні пра чатырох.
Ці забараняе закон граць у падземных пераходах?
У правілах перавозак, прынятых у мінскім метрапалітэне, прамой забароны на музыку ў пераходах няма. Разам з прэс-сакратаром мінскага метро Андрэем Кузьміным спрабуем знайсці хаця б намёк на тое, што хлопцы з гітарамі — па-за законам. "Забаронена ажыццяўляць гандлёвую і іншую камерцыйную дзейнасць у вагонах электрацягнікоў метрапалітэна і на станцыях, — цытуе дакумент Андрэй Кузьмін. І працягвае. — У гэтым выпадку пераход лічыцца працягам тэрыторыі станцыі".
Пытанне аказваецца больш складаным, чым падаецца на першы погляд: не ўсе падземныя пераходы належаць да метрапалітэна. Шэрагам з іх займаецца прадпрыемства "Гараўтамост". Адпаведна, у іх правілы перавозак не дзейнічаюць. На Каменнай горцы, напрыклад, "працяг тэрыторыі станцыі" — гэта часткі перахода, што прылягаюць непасрэдна да выхадаў з метро. Але вулічных музыкаў там ніколі і не бачылі!
Ёсць у правілах карыстання метро і яшчэ адзін цікавы пункт: пасажырам забаронена "праслухваць аўдыётэхніку праз гучнагаварыцелі, выкарыстоўваць сродкі гукаўзмацнення і граць на музычных інструментах". Заўважаем, што вулічны музыка не робіцца пасажырам толькі праз тое, што ўваходзіць у пераход. "Так, можна падысці з казуістычнага пункту гледжання і сказаць: тут не напісана, што ў пераходзе нельга граць, — працягвае Андрэй Кузьмін. — Але праз гучную музыку пасажыры могуць недачуць экстраную абвестку ці важную інфармацыю".
Артыкула няма, а пытанні ёсць
У мінскіх пераходах можна сустрэць музыкаў на любы густ: ад самотнага хлопчыка з флейтай да струннага квартэта. На лета яны выбіраюцца на вольнае паветра, але цяпер на вуліцы ўжо так холадна, што нічога не паробіш: трэба вяртацца пад зямлю.
Мінскі гурт "EVAND" прайшоў свой "пераходны перыяд" два гады таму. Хлопцы гралі ў пераходах упяцёх — дзве скрыпачкі, два кантрабасы і віяланчэль. Усе на той час былі студэнтамі музычнага каледжа імя Глінкі. Але музычная адукацыя не ратавала ад пытанняў з боку міліцыі.
"Пратаколаў на нас ніколі не складалі. Проста праганялі, і ўсё, — распавядае Еўрарадыё віяланчаліст "EVAND" Андрэй Ходас. — А казалі міліцыянты — хто як. Адны — пра парушэнне грамадскага парадку, іншыя — пра незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Часам і проста: граць нельга".
Адмысловага артыкула для музыкаў, якія граюць у пераходах, ні ў Адміністрацыйным, ні тым больш у Крымінальным кодэксе няма. Чаму тады міліцыянты чапляюцца да іх? "Міліцыя закліканая сачыць за парадкам, таму супрацоўнікі звяртаюць увагу: можа, артыст нападпітку ці ў стане наркатычнага ап'янення, ці зневажае сваімі паводзінамі грамадзян, чапляецца да іх, — тлумачыць прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі. — Акрамя таго, небяспечна, калі ў падземным пераходзе выступленне прыцягвае шмат гледачоў — утвараецца натоўп".
У іншым выпадку, па словах Ластоўскага, міліцыянты перашкаджаць вулічным музыкам не будуць.
Грамадзяне з абвостраным эстэтычным пачуццём
Музыкі абжылі пераходы ў цэнтры Мінска — побач са станцыямі метро "Плошча Леніна", "Кастрычніцкая" і "Плошча Якуба Коласа" — і на ўскраінах, дзе з падземкі выходзіць шмат людзей. Нягледзячы на стрыманую пазіцыю праваахоўнікаў, канфлікты паміж імі і музыкамі адбываюцца ледзь не кожны вечар. Часцей за ўсё, міліцыянты проста просяць хлопцаў сысці, і тыя сыходзяць.
"Часцей за ўсё кажуць, што я ствараю небяспечныя ўмовы. Калі вакол мяне збіраюцца нецвярозыя людзі, ёсць верагоднасць, што яны могуць пабіцца. І гэта, быццам бы, праз мяне", — распавядае Еўрарадыё Аляксандр Анісімаў. Хлопец зарабляе на жыццё вяселлямі і карпаратывамі, грае ў рэстаранах. А калі выдаецца вольны вечар, прыходзіць спяваць у пераход побач з гандлёвым цэнтрам "Сталіца". "Хочаце замовіць песню? Не пытанне! Два рублі", — адказвае музыка выпадковаму мінаку. Аляксандр — шматдзетны бацька: каб карміць траіх дзяцей, патрэбныя грошы. Таму і ідзе ў пераход.
"Асаблівых праблем у мяне з міліцыяй не было, — працягвае Аляксандр. — Вось толькі калі граў на Нямізе, на мяне паскардзілася жанчына, якая гандлявала ў намёце побач. Нібыта я перашкаджаў ёй працаваць. Я дамовіўся з ёю, што буду прыходзіць, калі яна зачыняецца. А аднойчы прыйшоў — а яна яшчэ працуе, затрымалася хвілін на пяць. Ну і зрабіла мне "падлянку" — выклікала міліцыю перад тым, як сысці. Цяжка было ёй пацярпець пяць хвілін?"
Мікіта Найдзёнаў таксама згадаў пра скаргу на вулічнага музыку. Маўляў, міліцыянт прыйшоў праганяць яго з перахода на Каменнай горцы, бо некага незадаволіў яго рок-рэпертуар. Парадокс: мы ўсе хочам, каб на вуліцах Мінска віравала жыццё, каб было што паглядзець і паслухаць. Вулічныя музыкі ствараюць у горадзе атмасферу свята, а шмат дзе робяцца мясцовымі славутасцямі. А ў нас праблемы ў вулічных музыкаў узнікаюць праз абвостранае эстэтычнае пачуццё некаторых пільных грамадзян!
"Дарэчы, да нас прыходзяць такія скаргі: "Чаму вы дазваляеце спяваць музыкам? Мне б'е па вушах і г.д.". І нам даводзіцца на іх адказваць", — кажа Андрэй Кузьмін. І дадае, што метрапалітэн — транспартнае прадпрыемства, задача якога — перавозіць людзей, а не ганяць вулічных музыкаў.