Пракурор апратэставаў прысуды Алеся Бяляцкага і ягоных калег-праваабаронцаў
Алесь Бяляцкі / БЕЛТА
Пракурор падаў апеляцыйны пратэст на прысуд па справе праваабаронцаў "Вясны". У рамках гэтай справы былі асуджаны чатыры чалавекі: Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, а таксама яго калегі Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч і Дзмітрый Салаўёў (завочна). Суд прызначыў ім тэрміны ад 7 да 10 гадоў пазбаўлення волі. Іх абвінавачвалі ў "фінансаванні пратэстаў" і "кантрабандзе наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай". Хоць гаворка ішла, па сутнасці, аб дапамозе рэпрэсаваным, аплаце штрафаў і адвакатаў.
"Думаю, што ім не спадабаліся нашы тэрміны, лічаць іх занадта мяккімі", — напісаў у лісце на свабоду Валянцін Стэфановіч. З яго ліста і стала вядома пра пракурорскую апеляцыю.
Праваабаронцы нагадваюць, што першапачаткова пракурор Аляксандр Кароль прасіў большыя тэрміны зняволення (кожнаму на два гады) і больш буйныя штрафы. Аднак суддзя Марына Запаснік пастанавіла іншы прысуд.
Дата разгляду пратэсту пакуль невядомая.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.