Прэзідэнт Польшчы назваў "негатыўнымі сігналамі" пераезд вагнераўцаў у Беларусь
Анджэй Дуда / pap.pl
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда будзе гаварыць пра сітуацыю ў нашай краіне з саюзнікамі па NATO. Ён правядзе кансультацыі ў Гаазе напярэдадні саміту альянсу, паведамляе pap.pl.
"Мы бачым, што адбываецца на ўсходзе, — гаварыў Дуда журналістам. — Там працягваецца дэ-факта пераезд у Беларусь расійскіх войскаў, групы "Вагнера" з яе кіраўніком Яўгенам Прыгожыным. Гэта вельмі негатыўныя сігналы для нас, якія мы хочам прадставіць нашым саюзнікам".
Прэзідэнт Польшчы адзначыў, што будзе прадстаўляць пазіцыю "калегам з захаду Еўропы" разам з прэзідэнтамі Румыніі і Літвы. Гаворка будзе ісці пра ўзмацненне бяспекі Польшчы, краін Балтыі і Румыніі. "Абарончыя планы павінны быць больш эфектыўнымі — хутчэй рэагаваць, хутчэй перадыслакаваць батальённыя групы, якія размешчаны ў нашай частцы Еўропы", — сказаў Анджэй Дуда.
27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што байцы ПВК "Вагнер" часова прыбудуць у Беларусь з Расіі, а іх кіраўнік Яўген Прыгожын ужо прыехаў. З яго слоў вынікае, што вагнераўцы могуць стаць і часткай беларускага войска. Праўда, дагэтуль невядома, колькі іх прыедзе ў Беларусь, а колькі застанецца ў Расіі.
Лукашэнка сцвярджае, што палявыя лагеры для вагнераўцаў пакуль не будуюцца, але ім дапамогуць з размяшчэннем: "Мы ім прапанавалі адну з закінутых часцей. Калі ласка — плот ёсць, усё ёсць. Стаўце палаткі. Чым можам, дапаможам. Пакуль вызначацца, чым ім займацца".
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што вагнераўцы не збіраюцца арганізоўваць з Беларусі правакацыю напярэдадні саміту NATO ў ліпені ў Вільні. "Але калі б нам патрэбна была правакацыя, дык у мяне на заходнім кірунку тысячы вайскоўцаў. Толькі каманду дай — яны любую правакацыю арганізуюць", — сказаў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.