Яўген Прыгожын знаходзіцца ў Беларусі
Яўген Прыгожын падчас нядаўніх падзей у Расіі / Telegram
Яўген Прыгожын знаходзіцца ў Беларусі. Пра гэта ў аўторак падчас цырымоніі ўручэння генеральскіх пагонаў заявіў Аляксандр Лукашэнка. "Так, сапраўды, ён сёння ў Беларусі, — гаварыў Лукашэнка пра Прыгожына. — Як я і абяцаў, калі вы хочаце нейкі час у нас "перекантоваться" і іншае, мы вам дапаможам. Натуральна, за іх [ПВК "Вагнер"] рахунак".
Аднак вагнераўцы могуць затрымацца ў РБ на даўжэйшы час. "Мне б такое падраздзяленне ў арміі не перашкодзіла", — цытуе Аляксандр Лукашэнка словы міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна пра вагнераўцаў. І Лукашэнка нібыта яму сказаў: "Я згодны. Размаўляй з імі".
Відаць, пытанне вырашанае, паколькі Лукашэнка ўжо гаворыць пра тое, што вагнераўцы будуць займацца падрыхтоўкай беларускіх вайскоўцаў, перадаваць ім свой баявы вопыт. Паводле яго слоў, палявыя лагеры для вагнераўцаў пакуль не будуюцца, але ім дапамогуць з размяшчэннем: "Мы ім прапанавалі адну з закінутых часцей. Калі ласка — плот ёсць, усё ёсць. Стаўце палаткі. Чым можам, дапаможам. Пакуль вызначацца, чым ім займацца".
27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка агучыў сваю версію таго, як вяліся перамовы з Прыгожыным у дзень "паходу вагнераўцаў на Маскву". З яго слоў вынікае, што ён пераканаў Уладзіміра Пуціна не ліквідоўваць кіраўніка вагнераўцаў і паспрабаваць з ім дамовіцца. У выніку Яўгену Прыгожыну прапанавалі з'ехаць у Беларусь. У нашу краіну могуць пераехаць і вагнераўцы, якія не жадаюць падпісваць кантракты з Мінабароны РФ ці пераходзіць да мірнага жыцця. Крымінальную справу аб арганізацыі ўзброенага мяцяжу ў Расіі спынілі.
Раніцай 27 чэрвеня бізнес-джэт Прыгожына сеў на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.