Бізнес-джэт Яўгена Прыгожына прызямліўся пад Мінскам
Бізнес-джет Embraer Legacy 600 / ілюстрацыйнае фота flight-way.com
Пад Мінскам раніцай у аўторак прызямліўся бізнес-джэт Яўгена Прыгожына Embraer Legacy 600, піша рэсурс "Беларускі Гаюн" са спасылкай на даныя сэрвісу flightradar24.com. Мяркуючы па дадзеных сэрвісу, самалёт прыляцеў з Санкт-Пецярбурга ў Растоў-на-Доне, а затым накіраваўся ў Беларусь. Канчатковым пунктам у Беларусі стаў ваенны аэрадром Мачулішчы.
Напярэдадні вечарам прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што ў мяцежнікаў з ПВК "Вагнер" ёсць тры шляхі: заключыць кантракт з Мінабароны Расіі, вярнуцца да мірнага жыцця або сысці ў Беларусь. Сёння сваю версію таго, што адбываецца, абяцаў агучыць Аляксандр Лукашэнка. Нагадаем, 23 чэрвеня Яўген Прыгожын пачаў "Марш справядлівасці" на Маскву, які ў Расіі ахарактарызавалі як бунт. Армія Прыгожына заняла Растоў і рухалася далей. Аднак увечары 24 чэрвеня было абвешчана, што пасля перамоваў з удзелам Лукашэнкі Прыгожын спыніў сваіх вайскоўцаў. Таксама паведамлялася, што ён нібыта пагадзіўся перабрацца ў Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.