Пуцін даў выбар "вагнераўцам", сярод варыянтаў — сыход у Беларусь

"Вагнераўцы" ідуць у Беларусь / Ілюстрацыйнае фота kommersant.ru
"Вагнераўцы" ідуць у Беларусь / Ілюстрацыйнае фота kommersant.ru

ПВК “Вагнер” у тым выглядзе, у якім яна існавала дагэтуль, больш не будзе. У панядзелак з вечаровым відэазваротам выступіў расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Чакалася, што ён аб'явіць пра адстаўкі і прызначэнні ў Мінабароны, але выйшла інакш. Пуцін сказаў, што "мяцеж усё роўна быў бы падаўлены", згадаў загінулых пілотаў (самалёт і верталёты збілі "вагнераўцы"). Ён паабяцаў, што стрымае слова, якое даў "вагнераўцам". Выбар у іх такі: ці заключыць кантракты з Мінабароны Расіі, ці вярнуцца да мірнага жыцця, ці… сысці ў Беларусь.

Увечары 26 чэрвеня тг-каналы, блізкія да беларускіх і расійскіх сілавікоў, пачалі пісаць, што "вагнераўцы" ўжо прыбываюць у Беларусь. Уладзімір Пуцін сказаў, што большасць з іх "патрыёты Расіі". І навошта яны ў нашай краіне? Дэ-юре глыбіня ўдзелу Беларусі ў вайне істотна павялічыцца. З'явяцца новыя законныя вайсковыя цэлі на нашай тэрыторыі — лагеры расійскіх наймітаў у РБ.

Пасля спынення "паходу на Маскву" было аб'яўлена, што Яўген Прыгожын пагадзіўся перабрацца ў нашу краіну, а "вагнераўцаў" пераследаваць не будуць. З'явілася інфармацыя, што ў Беларусі пачалі будаваць палявы лагер для "вагнераўцаў". Чакаецца, што на гэтую тэму ў аўторак выкажацца Аляксандр Лукашэнка, які сустрэнецца з прапагандыстамі.

"У нас з'явілася яшчэ адна праблема, праблема для ўсёй Еўропы, кажа пра "вагнераўцаў" у Беларусі камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Прохараў ("Кіт"). — На маю думку, Польшча, Літва, Латвія павінны перагледзець сваю сістэму бяспекі. У цэнтры Еўропы ўзрастае пагроза ад людзей з рэальным баявым вопытам, якія ўчынялі злачынствы ва Украіне".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі