"Мы гатовыя хутка рэагаваць" — генеральны сакратар NATO пра "Вагнер" у Беларусі

Енс Столтэнберг і Гітанас Наўседа / delfi.lt
Енс Столтэнберг і Гітанас Наўседа / delfi.lt

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг падчас знаходжання ў Вільні пракаментаваў апошнія падзеі, звязаныя з "вагнераўцамі" ў Расіі і іх магчымым прыбыццём у Беларусь.

"Пакуль рана дакладна казаць, падзеі хутка развіваюцца, — кажа Столтэнберг. — Мы, вядома, вельмі пільна сочым, і мы гатовыя хутка рэагаваць, калі ўзнікне такая патрэба. З іншага боку, трэба разумець, што гэта ["паход на Маскву"] ўнутраная справа Расіі, тады як NATO сканцэнтраванае на падтрымцы Украіны. Гэта не задача NATO ўмешвацца ў гэтую справу".

Генеральны сакратар NATO таксама адзначыў, што адсочваецца і сітуацыя з размяшчэннем у РБ расійскай ядзернай зброі, піша Delfi. У чарговы раз ён заявіў, што пагрозы яго выкарыстання ён не бачыць: "Мы таксама сочым за сітуацыяй у Беларусі. Мы асуджаем рашэнне Расіі размясціць там ядзерную зброю, гэта безадказнае рашэнне... Мы не бачым ніякіх прыкмет таго, што Расія мае намер ужыць ядзерную зброю, але NATO захоўвае пільнасць".

Пасля спынення "паходу на Маскву" было аб'яўлена, што Яўген Прыгожын пагадзіўся перабрацца ў Беларусь, а "вагнераўцаў" пераследаваць не будуць. Аднак высветлілася, што крымінальная справа аб арганізацыі ўзброенага мяцяжу ў Расіі не спыненая і працягвае расследавацца. Тым часам з'явілася інфармацыя, што для "вагнераўцаў" у Беларусі будуюць вайсковы палявы лагер.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі