Крымінальную справу супраць Прыгожына пакуль не закрылі

Яўген Прыгожын / "Коммерсант"
Яўген Прыгожын / "Коммерсант"

Крымінальная справа аб арганізацыі ўзброенага мяцяжу ў Расіі не спыненая і працягвае расследавацца, піша "Коммерсант" са спасылкай на свае крыніцы. Галоўным фігурантам гэтай справы з'яўляецца заснавальнік ПВК "Вагнер" Яўген Прыгожын.

Справу завялі пасля таго, як Прыгожын павёў "вагнераўцаў" на Маскву. Армія Прыгожына заняла Растоў і рухалася далей. Аднак увечары 24 чэрвеня было абвешчана, што пасля перамоў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі Прыгожын нібыта пагадзіўся перабрацца ў Беларусь. Ён развярнуў сваіх вайскоўцаў, аднак сам з вечара суботы на сувязь больш не выходзіў. Тады ж з'явілася інфармацыя аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да Прыгожына.

"Аднак крыніца "Коммерсанта" ў наглядным ведамстве паведаміла, што пастанова аб завядзенні крымінальнай справы пакуль не адмененая, а расследаванне мяцяжу працягваецца", піша "Коммерсант".

Таксама няма яснасці і з месцазнаходжаннем міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу. Прыгожын неаднаразова крытыкаваў Шайгу, а таксама начальніка Генеральнага штаба УС РФ Валерыя Герасімава. Абодва ў момант мяцяжу так і не з'явіліся ў публічнай прасторы. Толькі раніцай у панядзелак РІА Новости апублікавала відэа з Шайгу і паведаміла, што міністр "праверыў пункт кіравання Заходняй групоўкі войскаў у зоне СВА". Відэа было апублікаванае без гуку. Расійскія ваенкары дапускаюць, што яно было запісанае яшчэ ў пятніцу – менавіта тады з'явілася неафіцыйная інфармацыя пра паездку Шайгу ў Белгарадзе. Але ў той дзень на яе не звярнулі ўвагу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі