Камандзір палка Каліноўскага — пра "вагнераўцаў" у Беларусі
Зброя на палігоне ў Беларусі, чэрвень 2023-га / sb.by
Камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Прохараў ("Кіт") пракаментаваў паведамленні пра магчымае прыбыццё "вагнераўцаў" з Расіі ў Беларусь. "Усе думалі, што горш ужо быць не можа, але стаўкі ўзраслі, — кажа ён у аўдыёзвароце. — У нас з'явілася яшчэ адна праблема, праблема для ўсёй Еўропы. На маю думку, Польшча, Літва, Латвія павінны перагледзець сваю сістэму бяспекі. У цэнтры Еўропы ўзрастае пагроза ад людзей з рэальным баявым вопытам, якія ўчынялі злачынствы ва Украіне".
Камандзір "каліноўцаў" не выключае, што з'яўленне Яўгена Прыгожына і "вагнераўцаў" у РБ, як і пастаўкі тактычнай ядзернай зброі можа быць планам Масквы. "Каб перакінуць адказнасць на дыктатара і крымінальніка", — кажа Прохараў. "Ці не ствараецца ў Беларусі цэнтр тэрарызму і шантажу? Верагодна", — мяркуе добраахвотнік.
"Усе намаганні Еўропы, свету і нас, беларусаў, павінны быць накіраваны на стварэнне Нацыянальнага вызвольнага войска, якое дасць бой злачынцам. База для гэтага ёсць — полк Каліноўскага", — падкрэслівае Дзяніс Прохараў.
Пасля спынення "паходу на Маскву" было аб'яўлена, што Яўген Прыгожын пагадзіўся перабрацца ў Беларусь, а "вагнераўцаў" пераследаваць не будуць. Аднак высветлілася, што крымінальная справа аб арганізацыі ўзброенага мяцяжу ў Расіі не спыненая і працягвае расследавацца. Тым часам стала вядома, што ў Беларусі пад Асіповічамі будуецца вайсковы лагер для "вагнераўцаў", якія днямі могуць пачаць прыбываць у нашу краіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.