Лукашэнка быў гатовы адправіць беларускія войскі ў Расію
Беларускія вайскоўцы / t.me/modmilby/
Аляксандр Лукашэнка быў гатовы адправіць беларускія войскі ў Расію. Пра гэта ён распавёў у аўторак падчас цырымоніі ўручэння генеральскіх пагонаў. Лукашэнка агучыў сваю версію спынення нядаўняга "паходу вагнераўцаў на Маскву". Паводле яго слоў, беларускае войска, міліцыя, спецпадраздзяленні былі прыведзены ў поўную баявую гатоўнасць.
"Цэлая брыгада была гатовая да перакідвання ў Расійскую Федэрацыю пры неабходнасці", — гэтыя словы Аляксандра Лукашэнкі трапілі на відэа, апублікаванае яго прэс-службай. Атрымліваецца, што ён адпраўляў беларускіх вайскоўцаў абараняць Маскву ад вагнераўцаў, якія маюць баявы вопыт.
Пасля спынення "паходу на Маскву" было аб'яўлена, што Яўген Прыгожын пагадзіўся перабрацца ў Беларусь, а вагнераўцаў пераследаваць не будуць — крымінальную справу аб арганізацыі ўзброенага мяцяжу ў Расіі спынілі. Стала вядома, што ў Беларусі ўжо будуюцца палявыя лагеры для вагнераўцаў. Лукашэнка заявіў, што яны будуць трэніраваць беларускіх вайскоўцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.