Падчас мяцяжу Прыгожына Лукашэнка прывёў войска ў поўную баявую гатоўнасць
Беларускае войска / прэс-служба Мінабароны
27 чэрвеня, уручаючы пагоны сілавікам, Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў падзеі вакол мяцяжу Прыгожына.
Ён заявіў, што балюча ўспрыняў падзеі на поўдні Расіі. "Многія нашы грамадзяне ўспрынялі іх блізка да сэрца. Таму што Айчына адна", — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба.
Разам з тым ён паведаміў, што падчас мяцяжу Прыгожына і маршу вагнераўцаў на Маскву беларускае войска было прыведзенае ў поўную баявую гатоўнасць. "Калі падзеі ў Расіі адбываліся, мною былі аддадзены ўсе распараджэнні па прывядзенні арміі ў поўную баявую гатоўнасць. Ніхто нават у гэтых смаркатых Telegram-каналах не вякнуў супраць. Ні адна сям'я, ні жонкі, ні дзеці, ні сваякі — ніхто. Армія на працягу паўдня, усе Узброеныя сілы, у тым ліку і міліцыя, спецпадраздзяленні, былі прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць", — цытуе БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Афіцыйна аб прывядзенні войска ў поўную боегатоўнасць не паведамлялася.
Як распавядала Еўрарадыё, напярэдадні з каментаром наконт мяцяжу вагнераўцаў выступіў Уладзімір Пуцін. Ён паведаміў, што ўдзельнікі мяцяжу могуць ці пакінуць вайсковую службу, ці заключыць кантракт з Мінабароны, ці перабрацца ў Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.