Прысуд па справе "Экамедсэрвіса" абвесцяць 31 студзеня

27 студзеня ў судзе адбыліся спрэчкі бакоў. З апошнім словам выступілі абвінавачаныя — былы лекар-анестэзіёлаг медцэнтра, а цяпер лекар хуткай дапамогі Аляксандр Шураў, былая гендырэктарка "Экамедсэрвіса", якая адпрацавала на гэтай пасадзе 12 дзён, а цяпер пенсіянерка Галіна Валжанкіна і галоўны інжынер прадпрыемства Вадзім Ліхута.



Як распавёў агенцтву БелаПАН бацька загінулай Юліі Кубаравай Юрый, у апошнім слове абвінавачаныя паўтарылі свае паказанні, дадзеныя падчас судовага следства, выказаўшы пры гэтым шкадаванне з нагоды трагедыі.



Нагадаем, Аляксандр Шураў абвінавачваецца ў неналежным выкананні прафесійных абавязкаў медработніка, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента. Ліхута і Валжанкіна абвінавачваюцца ў службовай халатнасці.



Дзяржабвінаваўца Мікалай Жачко папрасіў прысудзіць Шурава да пяці гадоў пазбаўлення волі з пазбаўленнем права займацца медыцынскай дзейнасцю на пяць гадоў. Валжанкіну — да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу з забаронай займацца прафесійнай дзейнасцю на два гады. Ліхуту — да чатырох гадоў пазбаўлення волі з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых функцый.



Пракурор мяркуе, што матэрыяльныя страты ў 74 мільёны рублёў бацькам Юліі Кубаравай павінен быць кампенсаваныя. А кампенсацыю маральнай шкоды ён абмежаваў 1 мільёнам рублёў (бацькі прасілі па 10 мільярдаў).



Шураў сваю віну прызнаў часткова. Валжанкіна і Ліхута віны не прызналі.



Нагадаем, гродзенка Юлія Кубарава памерла 23 красавіка 2013 года пасля рынапластыкі, праведзенай у "Экамедсервісе".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі