Рабочага з Баранавічаў абвясцілі "тэрарыстам" і будуць судзіць паўторна
Яўген Кладаў
Яўгена Кладава з Баранавічаў не вызвалілі пасля адбыцця першага тэрміну, а абвясцілі "тэрарыстам" і будуць судзіць паўторна, піша "Наша Ніва".
Кладаву 41 год. Ён працаваў рабочым.
Мужчыну арыштавалі ў жніўні 2023-га. Спярша яму прысудзілі 13 сутак арышту і канфіскавалі тэлефон. Пасля "сутак" Кладава не выпусцілі, а пачалі на яго крымінальную справу. У лістападзе 2023 года яму прысудзілі год калоніі за падабайкі пад карыкатурамі на Лукашэнку.
Пасля адбыцця тэрміну мужчына на волю не выйшаў: на яго пачалі новую крымінальную справу — інкрымінуюць "масавыя беспарадкі" (арт. 293 КК), "распальванне варожасці або варажнечы" (арт. 130 КК) і "экстрэмісцкую дзейнасць" (арт. 361 КК). Кладаву пагражае да 12 гадоў калоніі.
Дата суда і сутнасць абвінавачання невядомыя.
Таксама стала вядома, што Кладава дадалі ў спіс "тэрарыстаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.