Расіяне атакавалі Кіеў крылатымі і балістычнымі ракетамі
Наступствы ўдару па Кіеве 2 верасня
У ноч на 2 верасня расійскія войскі атакавалі Кіеў ракетамі. У выніку ёсць параненыя людзі, а ў некалькіх раёнах горада ёсць пашкоджанні інфраструктуры і ўзгаранні. Пра гэта паведамляе hromadske.ua са спасылкай на Кіеўскую гарадскую ваенную адміністрацыю і кіраўніка горада Віталя Клічко.
Крылатыя ракеты (верагодна, Х-101) былі выпушчаныя з бартоў стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС у Саратаўскай вобласці. Калі гэтыя ракеты падляталі да горада, расіяне таксама атакавалі Кіеў і прыгарад балістычнымі ракетамі KN-24/ "Іскандэр-М", а таксама — ударным дронам. У ваеннай адміністрацыі кажуць, што супрацьпаветраная абарона знішчыла больш за дзясятак крылатых, каля дзясятка балістычных ракет і ўдарны робат.
Паводле Клічко, па дапамогу да медыкаў у выніку паветранай атакі звярнуліся двое дарослых, аднаго з якіх шпіталізавалі.
У некаторых раёнах былі зафіксаваныя пажары і разбурэнні. Так, у будынку станцыі метрапалітэна "Святошын" былі выбітыя вокны, але сама станцыя працуе. У Галасееўскім раёне Кіева гарэла кацельня адной з навучальных устаноў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.