Раварыстаў на літоўска-беларускай мяжы паставяць у агульную чаргу з аўто?
З Беларусі ў Літву можна будзе ехаць па старых правілах. А вось раварыстаў, якія едуць з Літвы, паставяць у агульную чаргу
Літва змяніла правілы перасячэння мяжы для раварыстаў у двух пунктах пропуску — "Райгардас" (з беларускага боку — "Прывалка") і "Шальчынінкай" (з беларускага боку — "Беняконі").
Цяпер раварыстам, якія едуць з Літвы ў Беларусь, давядзецца станавіцца ў агульную чаргу з аўтамабілістамі.
Але раварыстаў, якія едуць з Беларусі ў Літву, гэтыя правілы не датычаць. У прэс-службе Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі кажуць, што з іх боку ніякіх зменаў не ўводзілі, піша Tochka.by.
"З нашага боку нічога не змянялася", — сказалі ў ведамстве.
Гэтым летам Літва часова закрыла пункты пропуску "Шумскас" і "Твярачус" на мяжы з Беларуссю (з беларускага боку — "Лоша" і "Відзы" адпаведна). Такое рашэнне патлумачылі неабходнасцю барацьбы з кантрабандай, для чаго там не было адпаведнага абсталявання. На беларуска-літоўскай мяжы працягваюць працаваць чатыры пункты пропуску. Цалкам закрываць мяжу з Беларуссю ў Вільні пакуль не плануюць. Але такую магчымасць суседзі Беларусі разглядаюць, калі будзе сур'ёзная эскалацыя на мяжы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.