Recha прэзентуе рэстаранны альбом "Перайначыць" (слухаць)
Гурт Recha прадстаўляе на Еўрарадыё свой першы афіцыйны за 13 гадоў існавання альбом "Перайначыць": дагэтуль каманда выпускала асобныя песні і кліпы. На альбоме — "музыка для народа", якая мае мэтай перайначваць дрэннае на добрае і прыносіць радасць людзям. Па словах лідара гурта Андруся Такінданга, песні для LP падабраліся адпаведныя: "простыя па выкананні, па пасыле, зразумелыя, дэмакратычныя".
Альбом склалі трынаццаць трэкаў, напісаных у перыяд з 2010 па 2014 год.
"Мы спрабавалі паказаць больш лірычных песень, лірычна-карчомных, нават рэстаранных у нейкім сэнсе, каб зрабіць альбом больш баладным і задуменна-карчомным", — працягвае Андрусь.
Альбом "Перайначыць" выйшаў на фізічных носьбітах. Хутка ён з'явіцца ў інтэртэт-крамах: яго можна будзе набыць і спампаваць. Пакуль жа ёсць магчымасць толькі паслухаць.