Алеся Бяляцкага прызналі “Грамадскім лідэрам года”
Пра гэта было абвешчана на цырымоніі ўручэння прэміі, заснаванай Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацый.
Прэміяй “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці” адзначалі выбітных прадстаўнікоў і арганізацыяў грамадзянскай супольнасці Беларусі ўжо ў трэці раз. Як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", у якасці прадстаўнікоў Бяляцкага ўзнагароду прыйшлі атрымаць яго калегі-праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Таццяна Равяка.
У намінацыі “Месца году” пераможцам стала Галерэя “Ў”. Перамогу ў намінацыі “Новая ініцыятыва” атрымала кампанія “Народны журналіст”. У намінацыі “Рэгістрацыя году” журы адзначыла “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”, а ў намінацыі “Адмова году” — “Цэнтр развіцця валанцёрства”.
У намінацыі “Кампанія году” журы ўзнагародзіла кампанію па зборы подпісаў супраць прыняцця закону “Аб некамерцыйных аб’яднаннях”. У рубрыцы “Рэгіянальная падзея/акцыя году” адзначылі забастоўку супрацоўнікаў ЖКГ у Барысаве. Пераможцам у намінацыі “Крэатыў году” стаў інтэрнэт-рэсурс Prokopovi.ch.