Андрэя Пачобута адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе

“Да мяне прыйшлі ў камеру і сказалі збіраць рэчы, бо пераводзяць у іншую камеру. Але пасля мяне проста вывелі за браму турмы”, – распавёў пра сваё вызваленне Андрэй Пачобут.

Журналіст лічыць, што садзячы яго ў турму, улады хацелі прадэманстраваць, як лёгка могуць расправіцца з любым іншадумствам:

"Думаю, што гэтая кароткая пасадка была спробай паказаць мне, што яны могуць зрабіць усё, што хочуць. Такая дэманстрацыя сілы. Але я законапаслухмяны грамадзянін, усе мае каментары адлюстроўваюць маю асабістую пазіцыю і не парушаюць заканадаўства Беларусі. Улады ціснуць на незалежных журналістаў. Гэтыя 10 дзён за кратамі – выразны прыклад. З іншага боку, магчыма, што пасадзіўшы мяне, хтосьці хацеў вырашыць нейкія свае пытанні на знешнепалітычнай арэне. Але пра гэта я магу толькі здагадвацца, бо адмовіўся ад дачы паказанняў, не размаўляў са следчымі і таму нічога не ведаю".

Журналіст таксама расказаў Еўрарадыё, што сёння яму паказалі вынікі лінгвістычнай экспертызы яго публікацый на сайце "Хартыі’97" і "Белпартызане".

"Гэтыя вынікі яшчэ больш рэзкія, чым тыя, што былі год таму, – гаворыць Пачобут. – Там і знявага кіраўніка краіны, і дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь. Поўны набор".

З Пачобута узялі падпіску аб нявыездзе. На час следства ён будзе заставацца на свабодзе.

Андрэя Пачобута арыштавалі 21 чэрвеня. Супраць яго завялі крымінальную справу і вінавацяць паводле крымінальнага артыкула 367, частка 2 – паклёп у адносінах да прэзідэнта, учынены асобай, якая раней была асуджана за паклёп або знявагу.

Паводле Крымінальнага кодэксу, журналіста могуць пакараць абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленнем волі на такі самы тэрмін.

Нагадаем, што ў 2011 годзе карэспандэнт польскага выдання Gazeta Wyborcza Андрэй Пачобут ужо быў прызнаны вінаватым па артыкуле за паклёп у дачыненні да прэзідэнта Беларусі. Тады ж яго апраўдалі па артыкуле за абразу прэзідэнта.

5 ліпеня 2011 года суд у Гродна прысудзіў журналіста да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на два гады. Пачобут быў вызвалены ў зале суда. Перад гэтым ён правёў у турме больш за тры месяцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі