Саакашвілі ў судзе: Я не затрыманы, я ваеннапалонны
Пячэрскі суд Кіева вырашае наконт меры стрымання Міхаіла Саакашвілі. На пасяджэнні суда лідар "Руху новых сіл" заявіў, што лічыць сябе не затрыманым, а ваеннапалонным.
"Я не лічу сябе затрыманым. Я лічу сябе ў ваенным палоне. Я лічу сябе палонным алігархату Украіны і Пуціна. Я ваеннапалонны. Рэальна. Таму што яны вядуць вайну супраць Украіны", — цытуе "Украінская праўда" словы Саакашвілі.
Палітык заявіў, што калі яго вернуць у турму, то ён працягне галадоўку.
"Я не баюся. Я паказаў, як можа працаваць прэзідэнт, і я пакажу, як можа памерці прэзідэнт. Калі яны мяне вернуць у турму, я буду галадаць да канца. Але ўсе будуць ведаць, хто зладзіў гэта забойства. Яны могуць мяне забіць, але яны ніколі не заб'юць народ Украіны і імкненне ўкраінцаў да свабоды", — абвясціў Саакашвілі. Таксама ён праспяваў у судзе ўкраінскі і грузінскі гімны.
Саакашвілі затрымалі ўвечары 8 снежня і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Службы бяспекі Украіны. Яго вінавацяць паводле артыкула Крымінальнага кодэксу "Садзейнічанне ўдзельнікам злачынных арганізацый і ўтойванне іх злачыннай дзейнасці". Па звестках Генпракуратуры, Саакашвілі дамаўляўся з чалавекам Віктара Януковіча Сяргеем Курчанкам пра фінансаванне акцый пратэсту.
Пракуратура прасіць суд, каб Саакашвілі змясцілі пад хатні арышт.
Будынак суда атачылі каля 300 праваахоўнікаў і нацгвардзейцаў. Таксама каля будынка стаяць 12 аўтобусаў Нацгвардыі і больш за 10 машын патрульных. Некалькі аўтобусаў Нацгвардыі дадаткова стаяць у двары Кіеўскай адміністрацыі.